«Коммерсант» пра план інтэграцыі Беларусі і Расіі: Масква хоча эканамічнага паглынання
16.09.2019 / 06:25
Расія і Беларусь маюць намер стварыць адзіны Падатковы і Грамадзянскі кодэксы, знешнегандлёвы рэжым, а таксама ўніфікаваць улік уласнасці да 2021 года. З праграмай эканамічнай інтэграцыі азнаёміўся «Камерсант».
Акрамя таго, краіны плануюць сфармаваць адзіныя сацгарантыі, аб'яднаць банкаўскі нагляд (аднак ён будзе працаваць з двума цэнтрабанкамі), стварыць адзіны рэгулятар рынкаў нафты, газу і электраэнергіі і дзяржрэгуляванне галін.
Адзначаецца, што пры такой высокай ступені інтэграцыі гаворка ідзе аб стварэнні з 2022 года канфедэратыўнай дзяржавы.
Два міністэрствы эканомікі — расійскае і беларускае — да 1 лістапада 2019 года таксама павінны стварыць «дарожную карту», якая аб'ядноўвае галіновае рэгуляванне. Акрамя ГЭК гарманізаваць (у дадзеным выпадку маецца на ўвазе адзіны набор нормаў рэгулявання, а не адзіны «саюзны» дзяржорган) прапануецца «прамысловую палітыку», што б гэта ні значыла, рэжым дзяржрэгулявання аграрынкаў, гандлю, транспарту і сувязі, антыманапольную палітыку, рэжым абароны спажыўцоў.
Абсалютна не закранутыя «Праграмай дзеянняў» наступныя сферы: гэта абарона, дзяржбяспека, суд, праваахова і пытанні МУС, адукацыя, ахова здароўя, навука, а таксама непасрэдна дзяржкіраванне, г.зн. ўнутраная форма выканаўчай улады ў Расіі і Беларусі, як, зрэшты, і паўнамоцтвы (ды і само існаванне) выканаўчай улады Саюзнай дзяржавы.
Аднак бакі дамовіліся аб тым, што «іншыя палажэнні дамовы» аб Саюзнай дзяржаве таксама могуць абмяркоўвацца.
Прынамсі да 2022 года казаць пра «фактычнае аб'яднанне» дзвюх краін з наступным пераходам у «надбудовачную» структуру цэнтральных уладных паўнамоцтваў Расіі і Беларусі зыходзячы з «Праграмы дзеянняў» наогул няма падстаў — у дакуменце ідзе гаворка толькі пра эканамічную інтэграцыю, адзначае Камерсант.
Праект «Праграмы дзеянняў Беларусі і РФ па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» ўзгаднілі з магчымасцю нязначных зменаў 6 верасня прэм'ер-міністры Расіі і Беларусь Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Румас.
Выданне адзначае, што «пры рэалізацыі плана да 2021 года гаворка ідзе пра паглынанне моцна адзяржаўленай эканомікай Расіі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіравання», бо ВУП Расіі ў 29 разоў большы за ВУП Беларусі.