Затрымалі расіянаў, якія шукалі ў Мінску «лёгкіх грошай» 

18.09.2019 / 07:49

Праваахоўнікамі Фрунзенскага РУУС г. Менска затрыманыя 5 грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія падазраюцца ў крадзяжы грашовых сродкаў з касавага апарата ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Як высветлілі аператыўнікі, пяцёра жыхароў Ніжагародскай і Саратаўскай абласцей прыехалі ў сталіцу не толькі з турыстычнай мэтай. Аказалася, асноўным матывам наведвання нашай краіны стала жаданне «лёгкіх грошай».

Прыйшоўшы ў адзін з гандлёвых цэнтраў сталіцы, 41-гадовы жыхар Ніжагародскай вобласці пад выглядам здзяйснення пакупкі, папрасіў касіра размяняць яму буйную купюру беларускіх рублёў на больш дробныя. Верагодна, валодаючы майстэрствам пераканання, фігурант з лёгкасцю атрымаў доступ да касавага апарату, дзе стаў выбіраць неабходныя яму купюры.

У працэсе мужчына незаўважна для прадаўца выцягнуў з касы нашмат больш грошай, чым збіраўся размяняць, а пасля разам са сваімі таварышамі сышоў у невядомым накірунку.

Пра тое, што добразычлівы наведнік выцягнуў з касы каля 500 рублёў, працаўнікі крамы ўсвядомілі толькі пасля прагляду запісаў відэаназірання. Зламыснікаў удалося затрымаць па гарачых слядах.

Затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Ідзе следства.

Nashaniva.com