Марыя Васілевіч: У інтэрнэце пераважна негатыў, а ўжывую людзі мяне падтрымліваюць
19.09.2019 / 20:57
«Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Кальварыйскай акрузе Мінска. Яе вылучэнне выклікала негатыўную рэакцыю карыстальнікаў папулярных сайтах — 22-гадовую Васілевіч публіка ўспрымае перадусім як спадарожніцу Аляксандра Лукашэнкі на мерапрыемствах.
«Цырк» — самы залайканы каментар да артыкула на «НН».
«Наша Ніва» спытала ў Марыі Васілевіч, як яна ставіцца да крытыкі ў інтэрнэце.
«Вядома, я чытала каментарыі пра сябе рознага характару. У людзей розныя пазіцыі — ну маюць права! Спрачацца з кожным я не збіраюся, але кожнае меркаванне паважаю. Звярніце ўвагу на паслядоўнасць: у інтэрнэце пераважна негатыў, а калі я размаўляю з людзьмі ўжывую — на пікетах, ці проста мяне на вуліцы пазналі і падышлі, — то тады людзі мяне падтрымліваюць. У вочы негатыву мне не сказаў яшчэ ніхто!» — кажа Васілевіч.
Адкуль ў дзяўчыны такая пасада на Белтэлерадыёкампаніі — «рэдактар аддзела рэдактараў галоўнай дырэкцыі падрыхтоўкі тэлепраграм генеральнага прадзюсарскага цэнтра»?
«Я працую вядучай, а вось афіцыйна пасада называецца менавіта так», — сказала Васілевіч і ўдакладніла, што людзей у яе падпарадкаванні няма.