Разбурыць, каб разбурыць…
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра рэстаўрацыю.
14.02.2009 / 18:20
Апошні сьнегапад, горад, убачаны скрозь сьнег, які заляпляў вочы. Усьведамленьне калі ня шчасьця, дык усхваляванасьці. Напярэдадні вяртаешся ў горад зь іншага, дзе са сьнегам было ў парадку, а тут прайшоў дождж, і зімы болей няма. А яшчэ хочацца яго, сьнегападу, пагатоў што ён ператварае горад у карціну, дзе мастак затушаваў шэрыя савецкія пабудовы.
Горад нібы ў сподку перад табой, спускаешся ў яго, справа палац каралеўскіх часоў, уласнасьць эпархіі сёньня. Да нядаўняга часу гэта хрушчоўка больш як двухсотгадовага веку, славэтная звычка ўлады ўсё ператвараць у хрушчоўкі. Вядома: захаваўся архітэктурны ансамбль ‑‑ палац і два выцягнутыя аднапавярховыя флігелі, рэдкасьць для краіны бульбы. У вядомае лета 2007‑га правы зь іх разбурылі, хаця людзі пратэставалі. Але для ўлады існуе толькі насельніцтва, а не паасобныя людзі, а насельніцтва ніколі не пратэстуе.
Для адчэпнага тлумачылі найбольш заўзятым: сьцены захаваюць, выкарыстаюць пры пабудове праваслаўнай капліцы. Быццам праз гэта лягчэй камусьці стане. Тлумачылі, ведаючы, што хлусьня. Разбурылі цалкам, дашчэнту. Падмуркі заслабыя, хлопцы, для храма, сэ ля ві. Флігель быў сапраўды нямоцны, пагранатрад трымаў у ім сваіх «казлоў» для выезду на мяжу. Гадоў пяцьдзесят трымаў. Ня ведаю, прасаляраная, прамазуценая глеба ці добрую будзе ствараць аўру для малітвы? Хіба што зрабіць капліцу для шафёраў.
Дык вось, чым хутчэй разбурылі і кінулі. Так‑так, менавіта. Мой здымак цаглянага груду бачыў потым на розных сайтах, бяз подпісу, ясна. Царкоўнікі сьціпла прызнаваліся: ды мы не сьпяшаемся, у нас грошай на капліцу няма. І праўда: маркотная цэгла каралеўскіх часоў амаль паўтары гады ляжала за плотам нечапаная. Няма грошай на капліцу! Разбурыць, каб разбурыць?!
Больш за тое, у плянах улады апынуўся на першым месцы зусім ня флігель (разбурыць, каб разбурыць!), а палац, што зьдзівіла, але зьдзівіла, да ўласнай нечаканасьці, прыемна. Мінулай восеньню яго пачалі паляпшаць, пакрылі сапраўднай дахоўкай, што ж ‑‑ рэзыдэнцыя япіскапа. А таксама адна з камяніц, зьвязаная з БНР. Другі флігель, які не разбурылі і дзе жывуць бацюшкі, таксама пачалі рэстаўраваць, таксама дахоўкі выстараліся. І цяпер замест а‑ля хрушчоўкі на вачах узьнікае прыгожая камяніца. А некалі ж яны ўсе прыгожымі былі!
У іншым месцы напалову разбураная двухпавярховая камяніца царскіх часоў, зьняважаная, засталіся дзьве сьценкі, хутка будзе як два гады стаіць у гэткім стане. Былі пратэсты, сьпяшаліся разбурыць таму, хаця стаяла нармальна, пад дахам. Разбурыць, каб разбурыць?! Такая яна непрывабная, сёньняшняя а‑ля беларуская рэстаўрацыя.
Заляпіла сьнегам перад вялізнай бронзавай статуі: сьмятанная маска на твары і белая манішка, чорныя нядобрыя вочы.