Трамп хоча сустрэцца з аўтарам скаргі на яго размову з Зяленскім

30.09.2019 / 08:06

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб жаданні сустрэцца з аўтарам ананімнай скаргі на яго размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, піша РІА Навіны.

«Як любы амерыканец, я заслугоўваю таго, каб сустрэцца з маім абвінаваўцам, асабліва калі гэты абвінаваўца, так званы «выкрывальнік», прадставіў ідэальную размову з замежным лідарам у цалкам няслушнай і падманнай манеры», — напісаў ён у панядзелак у сваім Twitter.

Трамп назваў скаргу інфарматара хлуснёй і выказаў жаданне ўбачыць таго, хто даў яму гэтую «шмат у чым няслушную» інфармацыю.

«Гэты чалавек шпіёніў за прэзідэнтам ЗША? Вялікія наступствы!» — напісаў Трамп.

Размова прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага аказалася ў цэнтры ўвагі пасля публікацый у СМІ аб тым, што супрацоўнік выведкі палічыў яе трывожнай і накіраваў скаргу свайму кіраўніцтву. У сераду была апублікаваная расшыфроўка тэлефоннай размовы, а ў чацвер і сама скарга.

Апублікаваная стэнаграма пацвердзіла, што Трамп папрасіў Зяленскага правесці расследаванне абставінаў звальнення былога генпракурора Украіны Віктара Шокіна, які расследаваў дзейнасць Burisma Group, у склад дырэктараў якой уваходзіў сын былога віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна, і справы самога Хантэра Байдэна.

Дэмакраты пачалі працэдуру імпічменту супраць Трампа ў палаце прадстаўнікоў, абвінавачваючы яго ў тым, што ён просіць дапамогі замежнай дзяржавы для ўмяшання ў выбары праз спробу дыскрэдытацыі палітычнага суперніка — Байдэна. Трамп абвінавачванні адмаўляе.

Між тым, ужо з'явіліся не пацверджаныя афіцыйна паведамленні аб тым, што згаданы ў скарзе спецпрадстаўнік ЗША па Украіне Курт Волкер пакінуў сваю пасаду. Акрамя таго, дэмакраты ў рамках парламенцкага расследавання выклікалі позвамі для дачы паказанняў дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа, Курта Волкера, а таксама адваката Трампа Рудзі Джуліяні, які іграў, па словах аўтара ананімнай скаргі, ключавую ролю ў рэалізацыі пажаданняў прэзідэнта.

Nashaniva.com