У Аўстрыі перамаглі кансерватары, поспеху дасягнулі таксама «Зялёныя»

30.09.2019 / 09:04

Фота Волі Афіцэравай

Аўстрыйская народная партыя (АНП), якую ўзначальвае былы канцлер Себасцьян Курц, набрала 38,4% галасоў на пазачарговых парламенцкіх выбарах у Аўстрыі, перадае APA

Другое месца з 21,5% галасоў займае Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі. Аўстрыйская партыя свабоды мае 17,3% галасоў выбаршчыкаў.

Партыя Прагноз Рэальны вынік галасавання Прырост/страта ў параўнанні з 2017 годам Месца ў Нацыянальнай Радзе
Народная партыя 34-35% 38,4% +6,9% 73
Сацыял-дэмакраты 22-23% 21,5% -5,3% 41
Партыя свабоды 20-21% 17,3% -8,7% 32
Зялёныя 11-13% 12,4% +8,6% 23
NEOS (Новая Аўстрыя і Ліберальны форум) 8-9% 7,4% +2,1% 14

У аўстрыйскім парламенце папярэдняга склікання засядала таксама партыя Jetzt (Цяпер). У Нацыянальнай Радзе новай кадэнцыі яна прадстаўлена не будзе. Праўда, страціла яна найменш — 2,5 адсотка галасоў, але 1,9 адсотка падтрымкі выбаршчыкаў недастаткова, каб мець хоць адно месца ў Нацыянальнай Радзе. 

Найбольш страціла правая нацыяналістычная Партыя свабоды Аўстрыі (Freiheitliche Partei Österreichs), якая сімпатызуе пуцінскаму рэжыму ў Расіі. На гэтым яе і злавілі, а дакладней — справакавалі яе правадыроў. Скандал, у які ўляпаліся былыя правадыры ПСА, і можна лічыць галоўнай прычынай няўдачы партыі на выбарах.

Менш, але істотна страцілі сацыял-дэмакраты. Гэта самы нізкі паказчык партыі за ўсю паваенную гісторыю. Можна сказаць, што СДПА ідзе па шляху, пракладзеным германскімі таварышамі.

Як і ў Нямеччыне, бум перажывае Партыя зялёных.

А вось, што тычыцца кансерватараў, то Аўстрыйская народная партыя, у адрозненне ад германскіх хрысціянскіх дэмакратаў і баварскіх хрысціянскіх сацыялістаў, паказвае рост. Думаецца, у гэтым немалая заслуга маладога лідэра АНП Себасцяна Курца. Сваёй палітыкай, у тым ліку міграцыйнай, ён прыцягнуў на бок АНП моладзь і частку электарату Партыі свабоды.

Цяпер стаіць пытанне аб другім канцлерстве Курца. З кім увойдзе ў кааліцыю Аўстрыйская народная партыя? Разглядаюцца розныя варыянты. Найменш пажаданы правацэнтрыстам альянс з Партыяй свабоды. Найбольш пажаданая кааліцыя з зялёнымі і лібераламі. Назіральнікі пішуць і пра кааліцыю з сацыял-дэмакратамі. Але ці прынясе яна карысць сацыял-дэмакратам? Практыка Германіі паказвае, што, уступаючы ва ўрадавыя кааліцыі з правацэнтрыстамі ў якасці малодшага партнёра, сацыял-дэмакраты толькі трацяць падтрымку выбаршчыкаў, якія пераходзяць пераважна на бок зялёных і лібералаў.

Анатоль Сідарэвіч