Нарвежцы напісалі пра разведку расійскага спецназа на Шпіцбергене. Пасольства назвала гэта фэйкам
30.09.2019 / 11:05
pixabay.com
Пасольства Расіі ў Осла назвала «грубай правакацыяй» паведамленне выдання Aldrimer.no пра з'яўленне на тэрыторыі каралеўства расійскага спецназа, піша РБК.
«Інфармацыя пра нібыта дзеянні расійскага спецназа на Шпіцбергене з'яўляецца фэйкам. Разглядаем публікацыю як частку сістэмнай работы, што вядзецца ў Нарвегіі пэўнымі коламі, па насаджэнні вобразу ворага ў асобе Расіі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы дыпмісіі.
Раней Aldrimer.no са спасылкай на свае крыніцы ў разведцы Нарвегіі і іншых краін НАТА паведаміла, што расійскія спецназаўцы былі заўважаны на астравах архіпелага Шпіцберген, а таксама і на мацерыковай частцы каралеўства. Па дадзеных крыніц выдання, байцы вялі разведку мясцовасці і важных аб'ектаў інфраструктуры. У Aldrimer.no таксама адзначылі, што расійскія ваенныя выкарыстоўвалі для перамяшчэння рыбалоўныя траўлеры, а засекчы прысутнасць спецназаўцаў на нарвежскай зямлі дапамаглі здымкі, зробленыя з амерыканскіх самалётаў-разведчыкаў U-2 і RC-135V.