Пасля скандалу вакол настаўніцы ў Гомелі звольнены чыноўнік уладкаваўся ў кіраўніцтва філіяла ВНУ

30.09.2019 / 11:14

Пасьля скандала з «настаўніцай з партай» у гомельскай школе № 15 кіраўнік дзяржавы пазбавіў некалькіх чыноўнікаў пасадаў. Пад гарачую руку трапіў і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргей Парошын, піша Радыё Свабода.

Цяпер ён працуе намесьнікам дырэктара гомельскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО». Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў адміністрацыі філіяла ВНУ.

Сяргей Парошын кіраваў адукацыйнай сфэрай рэгіёну не менш за 10 гадоў. Казаў, што вельмі любіць сваю працу.

Працоўны шлях у адукацыі пачынаў з выхавальніка школы-інтэрната, арганізатара пазашкольнай выхаваўчай работы ў сярэдняй школе. Працаваў дырэктарам школы, загадчыкам аддзелу адукацыі Савецкага раёна Гомеля, намеснікам старшыні Гомельскага гарвыканкама, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання.

Nashaniva.com