Прэзідэнт Францыі сустрэўся з Сянцовым
01.10.2019 / 16:48
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон правёў у Страсбургу сустрэчу з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, які больш за 5 гадоў правёў у зняволенні ў Расіі і быў нядаўна вызвалены ў рамках абмену паміж Украінай і Расіяй, паведамляе Радыё Свабода.
Украінскі тэлеканал «Першы» апублікаваў відэа пачатку сустрэчы. Макрон спытаў Сянцова аб яго творчых планах. Той адказаў, што мае намер вярнуцца да кіно і працягне пісаць кнігі, але цяпер гэтыя планы «адсунуліся».
Сянцоў падзякаваў Макрону за ўвагу да яго лёсу. Гаворка зайшла і пра лёс украінцаў, якія застаюцца ў расійскім зняволенні.
Грамадзянская супольнасць і ўлады Францыі актыўна выступалі ў падтрымку Сянцова, які ў мінулым годзе некалькі месяцаў трымаў галадоўку за вызваленне ўкраінскіх вязняў у Расіі. Ён стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа. Па рашэнні Еўрапарламента ён таксама стаў лаўрэатам прэміі Сахарава.