«Упершыню мне прыйдзецца рэзаць труп проста на падлозе» — раскрыліся шакуючыя падрабязнасці забойства Джамаля Хашогі

у тэксце шмат натуралістычных апісанняў гвалту! 

02.10.2019 / 20:13

Калумніста The Washington Post з Саудаўскай Аравіі Джамаля Хашогі забілі 2 кастрычніка 2018 года, калі той прыйшоў у дыппрадстаўніцтва Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле па дакументы, якія дазволілі б яму пацвердзіць развод і заключыць новы шлюб з грамадзянкай Турцыі. Нявеста чакала яго непадалёк ад консульства.

Пасля забойства Джаміля Хашогі ў амбасадзе Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле 2 кастрычніка 2018 года стала вядома, што турэцкія спэцслужбы цалкам праслухоўвалі ўсё, што адбывалася ў консульстве, яны мелі там усталяваную сістэму праслухоўвання. Таму падрыхтоўка і выкананне плана забойства былі цалкам запісаныя. Гэты запіс чулі ўсяго некалькі чалавек. Двое з гэтых людзей пагадзіліся распавесці пра тое, што яны пачулі на запісе, праграме Бі-бі-сі Panorama. Прыводзім вытрымкі з матэрыялаў расследавання

Хто гэтыя двое? Адна з іх — брытанскі адвакат, барыстар баранэса Хелена Кэнэдзі. Яе запрасілі ў групу міжнародных экспертаў, якую ўзначаліла Аньес Каламар — праваабаронца і спецдакладчык ААН па пытанні пазасудовых пакаранняў смерцю (яна і ёсць тым другім чалавекам, якому ўдалося паслухаць запісы турэцкіх спецслужбаў).

Аньес Каламар і Хелене Кэнэдзі дазволілі праслухаць каля 45 хвілін аўдыя, якое было запісана ў консульстве на працягу двух дзён, калі адбываліся асноўныя падзеі.

Ёсць запісы як мінімум чатырох тэлефонных размоў ад 28 верасня паміж консульствам у Стамбуле і Эр-Рыядам. Сярод іх — гутарка генеральнага консула і кіраўніка службы бяспекі міністэрства замежных спраў, які паведаміў консулу, што запланавана правядзенне звышсакрэтнай місіі, якая з'яўляецца «нацыянальным абавязкам».

Глыбокай ноччу 2 кастрычніка ў аэрапорце Стамбула прызямліўся прыватны самалёт. На борце самалёта былі дзевяць грамадзян Саудаўскай Аравіі — у тым ліку судмедэксперт і патолагаанатам, доктар Салах аль-Тубейгі. Вывучыўшы іх біяграфію і род заняткаў, Каламар прыйшла да высновы, што гэта і была група забойцаў.

У дзень забойства за некалькі хвілін да 10:00 камеры вонкавага назірання зафіксавалі, як адзін з групы тых саудаўцаў, хто прыляцеў у Стамбул, увайшоў у будынак консульства Саудаўскай Аравіі.

Вывучаючы аўдыязапісы, Кэнэдзі прыйшла да высновы, што гэта быў Махер Абдулазіз Мутрэб, які кіраваў аперацыяй на месцы.

Раніцай 2 кастрычніка Хашогі патэлефанавалі з консульства і запрасілі прыехаць па дакументы. Справа ў тым, што ён збіраўся ажаніцца з турчанкай Джэнгіз Хаціджэ, навуковай супрацоўніцай аднаго з турэцкіх інстытутаў, таму ён мусіў у амбасадзе атрымаць дакументы аб разводзе з першай жонкай. Гэты візіт у амбасаду быў ужо другім, таму ў арганізатараў злачынства быў час падрыхтавацца.

Пакуль Джамаль і Джэнгіз ехалі ў консульства, у дыпмісіі Мутрэб і судмедэксперт Салах аль-Тубейгі вялі жахлівую па змесце тэлефонную размову.

Судмедэксперт Салах аль-Тубейгі

«Ён [аль-Тубейгі] казаў пра тое, як ён праводзіць анатаміраванне. Чуваць было, што яны смяюцца. Ён казаў: «Я звычайна ўключаю музыку, калі рэжу трупы. Часам у мяне ў руцэ кубак кавы і цыгара», — пераказвае пачутае на запісе Хелена Кэнэдзі.

З запісу становіцца ясна: доктар ведаў, што яму трэба будзе зрабіць, кажа Кэнэдзі.

«Упершыню ў жыцці мне прыйдзецца рэзаць [труп] проста на падлозе. Нават калі ты мяснік, ты падвешваеш тушу, каб яе разабраць», — так разважаў саудаўскі судмедэксперт, успамінае Кэнэдзі.

Кабінет на верхнім паверсе консульства быў падрыхтаваны. Падлогу заслалі поліэтыленам. Турэцкаму персаналу консульства ў гэты дзень далі выходны. Чакаючы Хашогі, удзельнікі забойства дзяліліся рэплікамі: «Калі прыедзе ахвярная жывёла?»

У 13:15 камеры назірання фіксуюць, як Хашогі заходзіць у будынак консульства. Мяркуючы па запісах, яго сустрэла камісія па прыёмах консульства. Яму сказалі, што ў іх ёсць ордар Інтэрпала на яго затрыманне і што ён павінен будзе вярнуцца ў Саудаўскую Аравію. Мяркуючы па запісе, ён адмовіўся напісаць паведамленне сыну, каб той перадаў сям'і, што з ім усё ў парадку.

«Я не ведаю, ці думаў ён пра тое, што можа быць забіты, але ён абсалютна дакладна разумеў, што яны могуць паспрабаваць выкрасці яго. Ён пытаецца: «Вы збіраецеся зрабіць мне ін'екцыю?» Яму адказваюць: «Так», — распавядае Аньес Каламар.

Кэнэдзі кажа, што Хашогі двойчы запытваецца, ці выкрадуць яго, і затым кажа: «Як гэта можна зрабіць у пасольстве?» Гукі, якія ідуць за гэтым дыялогам, кажуць пра тое, што ў гэты момант яго душаць. Магчыма, яму надзелі пакет на галаву.

Каламар лічыць, што тут пачаў дзейнічаць патолагаанатам, які выконваў указанні кіраўніка аперацыі. Чуваць голас, які кажа: «Дайце яму парэзаць». І здаецца, што гэта голас Мутрэба», — кажа Каламар.

«Затым раздаецца чыйсьці крык: «Усё скончана», і нехта яшчэ крычыць: «Здыміце гэта, здыміце гэта. Пакладзеце вось гэта яму на галаву. Закруціце». Я магу толькі выказаць здагадку, што ў гэты момант яны адрэзалі галаву ад тулава», — кажа Аньес Каламар.

Каля 15:00 камеры відэаназірання зафіксавалі, як аўтамабілі консульства выязджаюць з тэрыторыі дыпмісіі і прыязджаюць у рэзідэнцыю генеральнага консула, якая размешчана праз дзве вуліцы ад консульства.Тры чалавекі ўвайшлі ў рэзідэнцыю з валізкамі і поліэтыленавымі пакетамі. Каламар лічыць, што ў іх магло быць разабранае цела Хашогі. Праз некаторы час машыны з'язджаюць. Цела Хашогі да гэтага часу не знойдзена.

У апавяданнях пра забойства і знішчэнне трупа Хашогі часта згадваецца касцявая піла. Але ці была яна? Па словах Кэнэдзі, на запісе не чуваць скрыгату, які выдае хірургічны інструмент, аднак чуваць ціхае гудзенне. Турэцкая разведка мяркуе, што гэта можа быць гук касцяной пілы.

У 15:53 ​​камеры вонкавага назірання фіксуюць, як два члена групы, якая прыбыла з Саудаўскай Аравіі, пакідаюць консульства. Адзін з мужчын — у вопратцы Хашогі, але на ім іншыя чаравікі. У іншага мужчыны, твар якога хавае капюшон, у руках белы поліэтыленавы пакет.

Яны ідуць у напрамку Блакітнай мячэці. Калі яны зноў патрапяць у аб'ектыў камеры назірання, размешчанай па дарозе, чалавек, які быў апрануты ў касцюм Хашогі, ужо будзе ў іншай вопратцы. У гатэль яны з'ехалі на таксі, якое злавілі на вуліцы. Таксама яны выкінулі ў скрыню поліэтыленавы пакет — меркавана, у ім і была вопратка Хашогі.

Трывогу першай пачала біць нявеста Хашогі, якая чакала мужчыну перад амбасадай, калі і праз некалькі гадзін ён не выйшаў адтуль, хоць консульства ўжо закрылася.

Хашогі прыйшоў у амбасаду Саудаўскай Аравіі, каб атрымаць пацвярджэнне аб разводзе з былой жонкай, бо планаваў ажаніцца з Хаціджэ Джэнгіз.

А група забойцаў Хашогі ў 18.30 ужо сядзела ў прыватным самалёце, які вылятаў у Эр-Рыяд. Яны пакідалі Стамбул менш чым праз суткі пасля свайго прыбыцця.

На наступны дзень улады Турцыі і Саудаўскай Аравіі выступілі з супярэчнымі адзін аднаму заявамі з нагоды таго, што адбылося ў будынку консульства.

Турэцкая разведка ўжо вывучала дадзеныя запісаў прылад праслухоўвання, усталяваных у консульстве, у тым ліку і змест тэлефонных перамоваў за чатыры дні, якія папярэднічалі знікненню Хашогі.

Ці ведалі яны тады, што жыццё Хашогі ў небяспецы, і калі так, то чаму не перасцераглі яго?

«Не думаю, што яны ведалі. Няма ніякіх дадзеных, якія сведчаць аб тым, што запісы праслухоўваліся ў рэжыме рэальнага часу», — кажа Каламар.

Праз чатыры дні пасля забойства Хашогі з Саудаўскай Аравіі прыляцела яшчэ адна група афіцыйных асоб. Яны заявілі, што маюць намер высветліць, што адбылося з ім. Каламар лічыць, што на самай справе задача гэтай групы была замесці ўсе сляды і знішчыць усе доказы.

Консульства, паводле міжнароднага права, з'яўляецца тэрыторыяй Саудаўскай Аравіі, і на працягу двух тыдняў пасля знікнення Хашогі супрацоўнікі ўстановы не дапускалі турэцкіх следчых на тэрыторыю дыпмісіі.

«Да таго моманту, калі іх дапусцілі ў консульства, там ужо нічога не было, нават ніякіх слядоў ДНК Хашогі. Адзінае лагічнае заключэнне, якое тут можа быць: месца злачынства было старанна апрацавана адмысловымі хімічнымі сродкамі», — кажа Каламар.

На працягу некалькіх тыдняў, нягледзячы на ціск з боку Турцыі, Эр-Рыяд адмаўляўся прызнаць, што Хашогі быў забіты. Спачатку яны казалі пра бойку ў консульстве, а затым загаварылі пра тое, што гэта была нечая «дзёрзкая прыватная аперацыя».

Выснова ў дакладзе Аньес Каламар Савету ААН па правах чалавека адназначная: «Няма ніякіх падставаў для таго, каб, паводле міжнароднага права, забойства Хашогі можна было б кваліфікаваць акрамя як забойства, здзейсненае дзяржавай».

Nashaniva.com