Найстарэйшы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ЗША шпіталізаваны
03.10.2019 / 08:57
Голас Амерыкі
Сенатар Берні Сандэрс, які ўдзельнічае ў кампаніі па вылучэнні сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ў 2020 годзе, шпіталізаваны ў аўторак з болямі ў грудзях, паведамляе «Голас Амерыкі». У 78-гадовага палітыка выявілі закаркаванне артэрыі.
Незалежны сенатар ад штата Вермонт — найстарэйшы з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША. Яго перадвыбарная кампанія прыпыненая, на працягу бліжэйшых дзён адмененыя ўсе яго перадвыбарчыя выступы, — заявіў старшы дарадцы перадвыбарнай кампаніі Сандэрса Джэф Уівер. Яму зроблена аперацыя стэнціраванне — устаноўка ўнутр артэрыі двух каркасаў, якія забяспечваюць праходнасць сасудаў.
Сандэрс уваходзіць у тройку самых папулярных патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі. Па дадзеных сайта RealClearPolitics, ён займае трэцяе месца па папулярнасці сярод кандыдатаў ад дэмакратаў, з рэйтынгам 16,7. Перад ім - былы віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн (маладзейшы за Сандэрса на паўтара года) і сенатар ад Масачусэтса Элізабэт Уорэн.