Кім Кардаш'ян хрысціла дзяцей у Арменіі

07.10.2019 / 16:02

@kimkardashian

Амерыканская мадэль і тэлезорка Кім Кардаш'ян хрысціла сваіх дзяцей у Эчміядзіне (Арменія). Пра гэта «Арменпрэс» паведаміў кіраўнік інфармацыйнай службы першапрастольнага Святога Эчміядзіна іерэй Ваграм Мелікян.

Паводле яго слоў, абрад хрышчэння адбыўся ў капліцы св. Вардана. «Ніякіх асаблівых цырымоній не было. Як і ўсе іншыя сем'і, яны загадзя зарэгістраваліся, і ў прызначаны час прыйшлі і прынялі хрышчэнне», - адзначыў ён.

Кім Кардаш'ян прыехала ў Арменію для ўдзелу ў Сусветным кангрэсе інфармацыйных тэхналогій (WCIT-2019), які ўпершыню пройдзе ў Ерэване з 6 па 9 кастрычніка.

Партал Style.news.am таксама апублікаваў відэа, на якім бачна, як Кардаш'ян прыбыла ў Эчміядзін са сваімі чатырма дзецьмі. Па дадзеных выдання, старэйшая дачка Кім і рэпера Канье Уэста Норт была хрышчоная ў Ерусаліме ў 2015 годзе.

Nashaniva.com