У Еўропе пад кіраўніцтвам ЗША пройдуць найбуйнейшыя за 25 гадоў ваенныя вучэнні. Асноўныя на тэрыторыі Польшчы

07.10.2019 / 16:53

Пентагон анансаваў найбуйнейшыя за апошнія 25 гадоў сумесныя ваенныя вучэнні з краінамі НАТА ў Еўропе.

У пачатку наступнага года ЗША накіруюць у Еўропу тры танкавыя брыгады і тысячы ваеннаслужачых іншых родаў войскаў. Яны возьмуць удзел у найбуйнейшых на кантыненце ваенных вучэннях пад кіраўніцтвам амерыканскіх ваенных за апошнія 25 гадоў. Пра гэта паведамляе штодзённая газета Міністэрства абароны ЗША Stars and Stripes.

У прэс-службе Еўрапейскага камандавання Узброеных сіл ЗША (EUCOM) распавялі, што ў наступным годзе на тэрыторыі Еўропы адбудуцца вучэнні Defender Europe 2020. Яны будуць праходзіць у дзесяці краінах, але асноўныя адбудуцца ў Нямеччыне і Польшчы.

У вучэннях будуць задзейнічаны 37 тыс. вайскоўцаў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат. Вайсковая тэхніка пачне паступаць у Еўропу ў лютым, а вучэнні пройдуць у красавіку і маі.

Nashaniva.com