Johnson & Johnson выплаціць $8 мільярдаў амерыканцу за прэпарат, які павялічыў яму грудзі

09.10.2019 / 09:19

Суд Філадэльфіі запатрабаваў ад амерыканскай кампаніі Johnson & Johnson выплаціць $ 8 млрд Нікаласу Марэю ў якасці кампенсацыі за пабочны эфект ад прыёму антыпсіхатычнага прэпарату Risperdal, паведамляе агенцтва Reuters. Суд пагадзіўся з довадамі істца, што кампанія не папярэдзіла пацыентаў і дактароў аб магчымым пабочным эфекце, піша РБК.

Як паказваў Марэй і яго адвакаты, пасля прыёму прэпарата, які прапісваецца ў тым ліку хворым аўтызмам, у маладога чалавека пачалі расці грудзі.

Выніковая сума выплат у выніку можа быць скарочана. Юрысты Johnson & Johnson пакуль не каментавалі рашэнне філадэльфійскага суда.

Марэй ужо некалькі разоў судзіўся з фармацэўтычнай кампаніяй і атрымліваў перамогі. Новы яго поспех можа прывесці да разгляду дзясяткаў пазоваў з боку іншых пацыентаў.

Risperdal або Risperidone атрымаў ухваленне амерыканскіх спецыялістаў у 1993 годзе. Акрамя аўтызму паказаннямі да яго ўжывання з'яўляюцца шызафрэнія, галюцынацыі, біпалярны афектыўны разлад.

Nashaniva.com