Беларусы з Францыі ехалі ў «сталінскі рай», а трапілі ў пастку

У 1920—1930-я гады тысячы заходніх беларусаў у пошуку заробку выехалі на працу ў Францыю. Там яны перажылі вайну, а пасля яе сутыкнуліся з заманлівай прапановай — прыняць грамадзянства СССР і «вярнуцца на радзіму». Знайшлося нямала такіх, якія ў гэта паверылі, не ведаючы, што іх чакаюць рэпрэсіі, голад і забарона вярнуцца назад. Пра тое ў «Нашай гісторыі» пісаў Валер Каліноўскі.

23.06.2024 / 18:44

Сустрэча Саюза савецкіх патрыётаў у горадзе Алес на поўдні Францыі ў 1947 годзе. Партрэт Сталіна трымаюць беларусы Зіна і Алесь Салагубы.

Лячыць вялікую рану

У міжваенны час адным з папулярных кірункаў працоўнай эміграцыі з Польшчы, грамадзянамі якой з’яўляліся тады мільёны беларусаў, была Францыя. Масавыя выезды туды пачаліся з пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб эміграцыі, падпісанага 100 гадоў таму, 3 верасня 1919 года.

Прычыны гэтага пагаднення былі прагматычныя. Пасля Першай сусветнай вайны заводам, фермам і шахтам Францыі патрэбна была дадатковая працоўная сіла. Замежныя работнікі былі патрэбныя французам, каб замяніць 1,5 мільёна забітых і 1,5 мільёна параненых (з іх 300 тысяч страцілі працаздольнасць) у Першай сусветнай вайне. Да таго ж, пасля вайны Францыя атрымала ад пераможанай Германіі новыя тэрыторыі (у тым ліку індустрыяльныя раёны Эльзаса і Латарынгіі), а там таксама востра бракавала рабочых.

Усё гэта стварыла дэфіцыт 3,5 мільёна працоўных рук, які парыжская газета «Le Journal» назвала «вялікай ранай Францыі». У палякаў жа, наадварот, працоўнай сілы было аж занадта: на вёсцы панаваў зямельны голад, а ў гарадах — беспрацоўе. Заахвочванне працоўнай эміграцыі было адным са шляхоў вырашэння гэтых праблем.

Лік на дзясяткі тысяч

Паводле французскіх звестак, у 1931 годзе польскіх рабочых у Францыі было 507 тысяч чалавек, а да 1939-га колькасць працоўных імігрантаў з Польшчы ўзрасла да 674 тысяч чалавек. Доля рабочых з Польшчы ў французскіх жалезарудных і вугальных шахтах Францыі даходзіла да 20 %.

Колькі сярод гэтых рабочых было беларусаў, дакладна сказаць складана: французская статыстыка не асабліва ўнікала, адкуль менавіта прыехаў да іх чалавек. Вядома, што найбольш ехалі ў Францыю ўсё ж не з усходніх, а з паўднёвых ваяводстваў Польшчы — з Катавіцаў, Кракава і Львова.

Беларускія эміграцыйныя выданні таго часу ацэньвалі колькасць рабочых з Беларусі ў Францыі у 30—60 тысяч чалавек. Ацэнкі гэтыя, відаць, значна завышаныя. Сучасныя даследчыкі лічаць, што беларускіх працоўных эмігрантаў было ў Францыі «толькі» каля 20 тысяч.

Цаніліся людзі з мазалямі

Тагачасныя ўмовы вярбоўкі для працы ў Францыі былі для цяперашніх часоў нязвыклыя. Пры адборы ў патэнцыйных рабочых правяралі зубы і рукі.

Зубы мусілі былі здаровыя, а рукі — мазолістыя. Апошняе лепш за што іншае сведчыла пра здольнасць чалавека да цяжкай фізічнай працы.

Умовы працы былі складанымі, тым больш што эмігранты з Польшчы, як правіла, не гаварылі па-французску, а часта ўвогуле былі непісьменнымі. Фіксаваліся шматлікія выпадкі дыскрымінацыі польскіх імігрантаў французскімі гаспадарамі, ксенафобіі з боку мясцовага насельніцтва.

Многія беларусы ў Францыі працавалі ў сельскай гаспадарцы, уладкоўваліся на вінаграднікі ці цукровыя заводы, былі асабліва запатрабаваныя падчас палявых работ. А яшчэ сярод іх было шмат шахцёраў. У дакументальных кадрах французскіх фільмаў можна пабачыць на фоне тэрыконаў цэлыя вуліцы аднолькавых адна— ці двухпавярховых дамоў, у якія сялілі шахцёраў з міжваеннай Польшчы.

У такіх дамах у імігрантаў нараджаліся дзеці. Яны нават пры моцнай нацыянальнай свядомасці іхных бацькоў цалкам адаптаваліся да жыцця ў новай краіне, «афранцужваліся», здабывалі права на французскае грамадзянства. Тым больш што ў 1927 годзе ў Францыі выйшаў закон, які спрашчаў яго атрыманне. Для большасці імігранцкіх дзяцей Францыя была ўжо радзімай.

Актывізацыя камуністаў

Натуральны бег жыцця перарвала Другая сусветная вайна, якую імігранты збольшага перажылі на месцы. А пасля Другой сусветнай вайны ў Францыі ўзмацнілася савецкая і камуністычная прапаганда. Імідж СССР як краіны-пераможцы ў вачах французаў вырас, як і папулярнасць камуністычнай партыі. На першых пасляваенных выбарах у парламент у кастрычніку 1945 года Французская камуністычная партыя атрымала першае месца: за яе прагаласавала 5 мільёнаў французаў — 26 % выбарцаў. Кіраўнік КПФ Марыс Тарэз нават стаў міністрам.

Білет Французскай камуністычнай партыі на імя беларуса Аляксандра Качана. 1945 год.

Такія палітычныя абставіны давалі СССР магчымасць актыўна ўмешвацца ва ўнутраныя справы Францыі. І ён скарыстоўваў яе для таго, каб паляваць на людскія душы.

«Абавязковая рэпатрыяцыя»

У гады вайны з Савецкага Саюза ў Еўропу былі перамешчаныя мільёны яго грамадзян: ваеннапалонных, остарбайтараў, перамешчаных асобаў, уцекачоў. І савецкае кіраўніцтва на чале з Іосіфам Сталіным было цвёрда настроенае вярнуць іх назад. На канферэнцыі ў Ялце 10—11 лютага 1945 года Сталін асабіста дамовіўся з прэзідэнтам ЗША Франклінам Дэлана Рузвельтам і прэм’ерам Вялікабрытаніі Уінстанам Чэрчылем пра выдачу і рэпатрыяцыю савецкіх грамадзян. У гэтых дамовах быў запісаны прынцып «узаемнай абавязковай рэпатрыяцыі».

Святкаванне ў Францыі 28-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі. 1945 год. Фота з архіва Алены Крупы.

Праз некалькі месяцаў, 26 чэрвеня 1945 года, аналагічная дамова, аб рэпатрыяцыі савецкіх грамадзян з Францыі і французскіх — з СССР, была заключана і з Францыяй.

Але дамоўленасці тычыліся толькі тых, хто меў савецкае грамадзянства да 1939 года. Грамадзяне анексаваных краін Балтыі, а таксама ўраджэнцы Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, што да 1939 года мелі грамадзянства Польшчы, пад іх не патраплялі. Выдаваць саветам прымусова гэтых людзей не маглі, заставалася толькі ўгаворваць іх вярнуцца «на радзіму» добраахвотна.

Абяцанні раю

Савецкія дыпламаты і агенты разгарнулі сярод эмігрантаў у Францыі шырокую агітацыйную дзейнасць. Эмігрантам расказвалі, якія даброты іх чакаюць у СССР у выпадку вяртання.

Асноўныя тэзісы савецкай прапаганды ў сваіх пазнейшых успамінах пералічыў адзін з непасрэдных сведкаў тых падзей Алег Івашкевіч. Маўляў, «у СССР няма беспрацоўя, бо праца для ўсіх абавязковая, а таму няма галечы і няма бяздомных. Жанчыны маюць роўныя правы з мужчынамі. Хлеб бясплатны для ўсіх. Вучоба ў школе абавязковая для ўсіх да 17 гадоў, вышэйшая адукацыя бясплатная. Медыцына і лекі бясплатныя. Свабода веравызнання поўная. Выхад на пенсію для мужчын у 55 гадоў, для жанчын — у 50».

Далей Івашкевіч згадваў, што на вуліцах французскіх гарадоў былі развешаныя плакаты нейкага Камітэта садзеяння міру і свабодзе, якія заклікалі рабочых-камуністаў спыняць працу ў Францыі і масава эміграваць у СССР. Ім абяцалі, што за 300 рублёў штомесячнага заробку ў СССР можна, маўляў, купіць 117 кілаграмаў хлеба, 27 кілаграмаў мяса, 158 літраў малака.

Прапаганда была, як бачна, даволі прымітыўная, але яна мела эфект, бо ў Францыі пасля вайны жылося няпроста. У пачатку 1945 года пачаліся перабоі ў харчовым забеспячэнні, і Часовы ўрад Францыі мусіў увесці карткі на хлеб. У такіх адчайных умовах многія імігранты, якія не ведалі рэальнага стану спраў, вяліся на прапаганду пра «райскае жыццё» ў СССР.

Савецкае павуцінне

Савецкая місія па рэпатрыяцыі грамадзян з Францыі арганізавала па ўсёй краіне 130 месцаў збору і лагераў для рэпатрыянтаў. Праз іх прайшло больш за сотню тысяч чалавек.

Найбольшы з гэтых лагераў у горадзе Барэгар недалёка ад Парыжа нейкі час нават меў экстэрытарыяльны статус. Тут не дзейнічалі французскія законы, і афіцэры НКВД працавалі без усялякага кантролю мясцовых уладаў, арганізоўваючы напады і выкраданні людзей, а таксама таемна вывозячы іх. Тым больш што мелі ў гэтым лагеры і свой аэрадром.

Немалую ролю ў прапагандзе выезду ў СССР адыграла арганізацыя Саюз савецкіх патрыётаў Францыі, якая дзейнічала з 1943 па 1948 гады. Раней арганізацыя называлася Саюзам рускіх патрыётаў, але пасля таго, як яе актыў амаль цалкам атрымаў у жніўні 1947-га савецкія пашпарты, арганізацыю пераназвалі ў ССП.

ССП арганізоўваў па ўсёй Францыі для сваіх актывістаў і ўсіх выхадцаў з былой Расейскай імперыі балі і маёўкі, дзе вялася агітацыя за вяртанне ў СССР. А таксама сходы і вечарыны, падчас якіх урачыста выдавалі тым, хто паверыў у прапаганду, савецкія пашпарты.

Савецкі пасол у Парыжы Аляксандр Багамолаў 3 ліпеня 1947 года пампезна арганізаваў сустрэчу расійскіх эмігранцкіх актывістаў з наркамам замежных спраў СССР Вячаславам Молатавым. Молатаў доўга гутарыў з эмігрантамі, асабіста пераконваў іх ехаць у СССР, а ў канцы размовы сказаў: «Калі, вярнуўшыся на радзіму, вы пачуеце дакоры за сваё эмігранцкае мінулае, то што ж рабіць, няма роду без выроду, у такіх выпадках звяртайцеся наўпрост да мяне».

Падманула іншых, падманулася і сама

На сустрэчы з Молатавым у Парыжы была і беларуска Ганна Рашкевіч. Яна прыехала разам з мужам у Парыж, у амбасаду СССР, з гарадка Банвіе-Монт на паўночным усходзе Францыі. Яе муж Станіслаў Рашкевіч працаваў на жалезаруднай шахце. Абое паходзілі з вёскі Яцкавічы цяперашняга Мядзельскага раёна. Пажаніўшыся ў 1922 годзе, яны на радзіме зусім не мелі зямлі, таму ў 1930-м паехалі на заробкі ў Францыю.

Рашкевічы мелі 6 дзяцей. Пасля вайны ў Францыі іхняя старэйшая дачка Рэгіна выйшла замуж за былога савецкага ваеннапалоннага Канстанціна Урбановіча, беларуса з вёскі Красны Бор Лагойскага раёна. Урбановіча, як і яшчэ з дзясятак савецкіх ваеннапалонных, якія ўцяклі з лагера, сям’я Рашкевічаў перахоўвала ў сябе, у падвале шахцёрскага дома, пакуль яны не перабраліся да французскіх партызанаў.

Пасля вайны Урбановіч уладкаваўся на працу ў савецкае пасольства ў Парыжы і забраў Рэгіну з сабой, а цешчу пераканаў выконваць спецыяльнае заданне пасольства — ездзіць па розных гарадах Францыі і пераконваць беларусаў, украінцаў і іншых выхадцаў з земляў, што адышлі да СССР, «вяртацца на Радзіму».

За год агітацыйнай працы ў Францыі Ганна Рашкевіч пераканала паехаць у СССР, напэўна, дзясяткі сваіх землякоў.

Яе дачка Алена Дземідовіч, ад якой мы даведаліся гэту гісторыю, не ведае, ці плацілі маці за гэтую працу. Памятае толькі, што сагітаваныя Ганнай беларусы потым, ужо ў СССР, сварыліся на яе і крыўдавалі, кажучы, што яна падманула іх. Але было ўжо позна. Зрэшты, сярод падманутых аказалася і сама Ганна Рашкевіч разам з мужам і шасцю дзецьмі.

Усяго, паводле звестак расійскага даследчыка Віктара Зямскова, да чэрвеня 1948 года з Францыі ў СССР рэпатрыяваліся 6 991 чалавек, якія ў розныя гады эмігравалі ў Францыю з Расійскай імперыі, Аўстра-Венгрыі і Польшчы. Сярод іх былі 1 420 расейцаў і 5 471 асоба «ўкраінскага або беларускага паходжання».

Такім чынам, лік беларускіх рээмігрантаў можна прыблізна ацаніць у 10 % з тых 20—30 тысяч, якія жылі ў Францыі.

Дарога на радзіму-мачыху

Рэпатрыянтаў з Францыі ў СССР везлі морам і чыгункай. Тых, каго везлі праз мора, з усёй Францыі звозілі ў парты Марсель і Гаўр. Там іх чакалі савецкія цеплаходы «Расія» і «Вячаслаў Молатаў». Многія беларускія «дзеці Францыі» запомнілі вялікі белы цеплаход «Расія», у якім яны займалі месцы трэцяга класа, бліжэй да трумаў ці ў саміх трумах. У першым і другім класе везлі былых белагвардзейцаў.

Цеплаход «Расія». 1970-я гады. Фота: modgahead-sev.livejournal.com

Па прыбыцці ў порт Адэсы пасля догляду афіцэрамі МГБ рэпатрыянтаў садзілі на грузавікі і разбітай дарогай везлі ў рэпатрыяцыйны лагер «Люстдорф», былое пасяленне нямецкіх каланістаў каля Адэсы. Там тады яшчэ былі і нямецкія палонныя, лагер агароджаны калючым дротам і вартавымі вышкамі. Новапрыбылыя праходзілі «фільтрацыю» і размеркаванне, некаторых адсюль пасылалі адразу ў ГУЛАГ.

Буйны цэнтр прыёму рэпатрыянтаў быў арганізаваны і на беларускай зямлі. Траплялі ў яго тыя, хто ехаў у СССР цягнікамі. Савецкія ўлады размясцілі гэты лагер у былым «Шталагу 324», нямецкім лагеры для савецкіх ваеннапалонных у Ласосне пад Горадняй.

Апошні эшалон з рэпатрыянтамі з Францыі прыбыў у Горадню ўвосень 1947 года, у ім было каля 2 000 чалавек.

Ілюзіі развейваюцца, але позна

Таварным цягніком у 1947 годзе ў СССР прыехала і сям’я Рашкевічаў. Падман адчулі вельмі хутка. За іх працу ў інтарэсах СССР пасля прыезду ніякай падзякі не было. Жыла сям’я цяжка: пасялілі 9 чалавек у адным пакоі ў інтэрнаце тытунёвай фабрыкі. Пастаянна былі пад каўпаком савецкіх спецслужбаў, а нейкі час чакалі і вывазу ў Сібір.

«Аддзячылі тым, што хацелі нас выслаць на Салаўкі. Да нас увесь час прыходзілі з НКВД, правяралі, ці ёсць у нас радыёперадатчыкі, грошы. Усе рэчы раскідвалі, баяны і швейную машыну разбіралі, шукалі…

Мамін брат пры Польшчы сядзеў у турме разам з камуністычным дзеячам Сяргеем Прытыцкім; дзядзька звярнуўся да яго і пасля гэтага ператрусы спыніліся», — згадвае Алена Дземідовіч.

Шахцёры на пасляваенным Данбасе. Шмат жанчын, бо бракавала мужчынскіх рук. Сярод шахцёраў — беларускія рэпатрыянты з Францыі Яўстафі Гаралюк і Аляксандр Салагуб. Данецк. 1952 год.

Але не ўсе мелі такіх уплывовых знаёмых, як Прытыцкі. І не для ўсіх усё канчалася так, яшчэ адносна лёгка. Адкруціць жа ўсё назад магчымасці ўжо не было, пастка зачынілася. Як мінімум на 40—50 гадоў — да перабудовы і незалежнасці.

Прасвятленне французаў

14 лістапада 1947 года адбылася нечаканая праверка французскімі ўладамі лагера ў Барэгары. Аперацыя была вынікам заявы грамадзяніна Францыі Дзмітрыя Спячынскага, які эміграваў з Расіі ў 1922 годзе. Ён напісаў французскім уладам пратэст супраць намеру ягонай жонкі рэпатрыявацца ў СССР з трыма дзецьмі.

Жанчыну з дзецьмі знайшлі ў лагеры, хоць яны і не былі там зарэгістраваныя. Таксама там выявілі цэлы арсенал зброі. Выбухнуў дыпламатычны скандал, савецкіх службоўцаў выслалі з Францыі ў СССР. Лагер Барэгар быў узяты пад кантроль уладаў Францыі і ў 1951 годзе спыніў існаванне.

25 лістапада 1947 года на патрабаванне французскіх уладаў былі таксама высланыя 24 актывісты Саюза савецкіх патрыётаў Францыі, а праз два месяцы гэтая арганізацыя была распушчаная. Дэпартаваных актывістаў СCП у СССР спачатку прынялі як герояў, а потым многіх з іх чакаў ГУЛАГ.

Масавыя арганізаваныя рэпатрыяцыі ў СССР пасля гэтага былі спыненыя. Пачыналася халодная вайна.

 ***

 

Падрабязней пра беларускую эміграцыю ў Францыі і лёс тых людзей, якія наважыліся вярнуцца пасля вайны на радзіму, можна будзе неўзабаве прачытаць у кнізе Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну».

 ***

Іван Пташнікаў. Францужанкі

Дзяўчат я згледзеў здалёку: ішлі ўпобачкі, памалу, не спяшаючыся — былі якраз на палавіне дарогі да вёскі. Дзве…

Можа б, я іх і не дагнаў, але яны ішлі ўжо так паволі, што праз якую хвіліну я ўжо быў каля іх.

Можа б, я іх і зачапіў, але пачуў, што яны гаварылі паміж сабой па-свойму, па-чужому… Назад ні разу не азірнуліся.

Соснік тут быў малады, уперамешку з кунатымі бярозкамі. Бліжэй да вёскі — адны дробныя сасонкі.

Дзяўчаты так і ішлі ўпобачкі: то бліжэй да бярозак, то далей, як выбіраючы лепшую сцежку пад нагамі. Якую хвіліну, параўняўшыся, я ішоў побач з імі, ну, можа, на паўкроку ззаду, тады на паўкроку спераду.

Адна з іх, вышэйшая, была коратка стрыжаная — валасы чуць хавалі шыю. Русыя, нават светлыя, паднятыя высака на галаве. Чыстая з твару, бялявая і прыгожая-прыгожая… Вочы ў яе, блакітныя, блішчэлі, і сама яна ўся была нейкая бліскучая. Чырвоная сукенка на ёй аж пералівалася…

Другая, меншая, ёй па плячо, з тугой цёмнай касой на спіне, ладнай, рукой не абхапіць, і сплеценай неяк адмыслова (так у вёсцы ніхто не заплятаў), і доўгай — да пояса.

Была яна ў блакітным сачыку і караткаватай, да калень, блакітнай спадніцы. Цямнейшая і круглейшая з твару, і вочы ў яе былі вялікія, круглыя і цёмныя. І насы ў іх, у абедзвюх, былі невялічкія, прамыя і прыгожыя.

На нагах у іх былі аднолькавыя чырвоныя басаножкі, у руках чырвоныя невялікія сумачкі.

«Сёстры, ці што? — падумалася першае, што прыйшло ў галаву. — Відаць, сёстры…»

У мяне дробненька забілася ў грудзях маё недзе зусім яшчэ вераб'інае сэрца… Такіх прыгожых дзяўчат — маіх равесніц — у свае пятнаццаць гадоў я ніколі не бачыў: ні ў вёсцы, ні ў школе…

Мінаючы іх, я яшчэ раз павярнуўся, зірнуў ім у твар і пачуў, як мне ўсяму зрабілася горача, — ад самой начы яшчэ ніяк не мог сагрэцца дарогай… Ногі неяк самі паднялі мяне ад зямлі, і я, босы, пад пахай фуфайка, прыціснутая рукой — рука ў кішані, — прыбавіў кроку па траве і па версе, пакідаючы дзяўчат ззаду. Можа б, я і загаварыў да іх, але яны, як і перш, ішлі сцежачкай адна ля адной і гаварылі ўсё, гаварылі па-свойму між сабой…

***

…Дувалаў [раённы энкавэдыст] стаяў перада мной і зыбаўся на нагах:

— Ну, дык пра што калякалі францужанкі?.. Маўчыш? А што яны гаварылі пра свайго бацьку? Гм! А не расказвалі, як ён трапаўся, што вы тут з голаду пухнеце, а Сталін… — ён памаўчаў. — Наш таварыш Сталін пшаніцу — французам… А яна ім і не трэба… А яны яе з карабля — у мора. А яны яе і браць не хочуць… Сваёй хапае… Што ў падлогу глядзіш? Ведаеш і не хочаш усім нам сказаць? — махнуў ён рукой на стол.

У мяне зноў паявіліся ў вачах буханкі хлеба: пачалі падскокваць ад падлогі ўверх — адна вышэй, другая — ніжэй…

— А не расказвалі яны, на што ён тут прыехаў паглядзець? На радзіму? Чаго яго пацягнула? І дачок з сабой прывёз… А жонку пакінуў у Францыі, каб было куды вярнуцца пасля ўсяго. Жонка ў яго францужанка… Што? У разведку прыехаў? Не гаварылі?!

Калі закрычаў на ўсю кантору капітан Дувалаў, мне здалося, што буханкі хлеба пасыпаліся зверху са столі на падлогу… Я аж прыгнуўся…

— Хопіць курвіцца!.. Мы праверылі. Ні маці твая, ні бацька ў трыццаць сёмым не замешаны. Бацька вярнуўся з фронту паранены… У вайну маці памагала партызанам… А ты? Скурвіўся? Шпіянаж пакрываеш?..

***

…Недзе праз тыдзень, ідучы раніцай з Жукаўшчыны ад трактара, я пачуў ад Федзі на ўчастку, што францужанак з бацькам у Жызнаве забралі…

***

…Дзе вы цяпер, мае францужанкі, што схаваліся назаўсёды ў пыле на нашай грэблі паўвека назад?..

1997 год

 

Валер Каліноўскі