Зяленскі распавёў, на што ў яго алергія

11.10.2019 / 14:58

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэслівае, што ніякай здачы нацыянальных інтарэсаў краіны пры ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе не будзе, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

«Паверце, у мяне ўжо алергія на слова «капітуляцыя», і хачу чарговы раз усіх запэўніць, што ніякай здачы нацыянальных інтарэсаў Украіны не будзе.

Гэта не пра мяне і гэта не пра Украіну», — сказаў ён у пятніцу ў Адэсе на мерапрыемствах з нагоды будучага Дня абаронцы Украіны, што будзе святкавацца 14 кастрычніка.

Зяленскі паказаў, што Данбас — гэта Украіна, і там павінен ўсталявацца мір. «Павінна адбыцца поўнае спыненне агню, вяртанне ўсіх нашых палонных, вывад замежных ваенных фарміраванняў, аднаўленне кантролю над дзяржаўнай мяжой,

а мясцовыя выбары там павінны адбыцца выключна па ўкраінскім заканадаўстве, пад наглядам не кулямётаў, а міжнародных назіральнікаў», — адзначыў ён.

Nashaniva.com