Доктар Вітушка паглядзеў расійскія серыялы пра дактароў. І яму стала смешна

15.10.2019 / 17:03

Ілюстрацыйнае фота: постар серыяла «Інтэрны»

«Натрапіў на серыял па медыцыне па БТ-1, з ліку расійскіх малабюджэтных серыяльчыкаў з акцёрамі другога эшалона, знятых у Беларусі ці ва Украіне. Паглядзеў хвілін 10. Пераключыў. Праз некалькі гадзін патрапіў на яшчэ адзін серыял, там таксама закраналася лячэнне людзей. Гэтым разам хапіла 5 хвілін, — піша ў сябе ў фэйсбуку вядомы дзіцячы доктар Андрэй Вітушка. —

З убачанага:

Грунтоўна цяжарная гераіня трапляе ў шпіталь з пераломам рукі. Доктар у кадры распавядае: «Нужна операция по сопоставлению отломков, но в вашем положении анестезия противопоказана, поэтому надо потерпеть — я постараюсь сделать всё быстро». Рэч у тым, што анестэзія не толькі магчымая (ёсць пэўныя прэпараты і метады), але і пажаданая, каб не траўмаваць дадаткова маці і плод, якія і так у стрэсе.

Глядзім далей. Пасля такой «аперацыі» без наркозу ў дамы адышлі каляплодныя воды і пачаліся роды. Прыгожыя людзі ў белых халатах вырашаюць прымаць іх там, дзе лячылі пералом, таму што «воды отошли — переводить в роддом уже поздно». Многія з маіх чытачак ведаюць на ўласным досведзе, што ад моманту, калі адышлі воды, да нараджэння дзіцяці праходзяць гадзіны. Ок, бываюць сітуацыі, калі воды адыходзяць непасрэдна перад родамі, але, каб меркаваць пра гэта пэўна, трэба агледзець пацыентку. Экранныя ж «калегі» заявілі пра гэта адразу, як толькі дама паведаміла ім пра падцяканне вод. У выніку роды прымаюцца ў траўматалогіі траўматолагамі.

Аўтары фільма, верагодна, наглядзеліся амерыканскіх серыялаў пра лекараў Emergency Medicine, якія і рану зашыюць, і пералом супаставяць, і роды прымуць. Але такіх няма ў вялікіх гарадах постсавецкай прасторы, дзе адбываецца дзеянне фільма.

Іншая гераіня даведалася, што цяжарная пасля сарака, і спытала, ці не позна зрабіць аборт — 15 тыдняў. «Медработнікі» з экрану спачувальна закацілі вочы. Стваральнікам кіно ніхто не распавёў, што перарыванне цяжарнасці па жаданні жанчыны магчымае толькі да 12 тыдняў. Далей — толькі па спецыяльных паказаннях.

Ну і вішанька на торце з другога фільма. Дзяўчынка з хваробай хрыбетніка страціла магчымасць хадзіць. Дапамагае ёй астэапат, прычым не проста, а прафесар астэапатыі. Астэапатыя на постсавецкай прасторы — зусім не тое, што ў ЗША, многія яе крытыкуюць як ілжэнавуку. Але нават калі дапусціць, што гэта не так, то ў наменклатуру лекарскіх спецыяльнасцяў гэты профіль унесены ў Расіі толькі 4 гады таму. Аспірантуры па астэапатыі, каб там стаць доктарам навук, няма ў прыродзе.

Таксама які ўжо раз сутыкаюся з тым, што рускамоўныя серыялы, дзе закранаецца медыцына, маюць важнай фонавай праблемай — дзе ўзяць грошы на лячэнне. Быццам бы інакш не бывае.

Карацей, не глядзіце расійскія серыялы пра медыцыну. Людзі, якія шкадуюць грошай на кансультантаў, не вартыя вашай увагі. І не чытайце перад сном савецкіх газет», — нагадвае доктар Вітушка.