У Францыі асудзілі ісламістак, якія спрабавалі падарваць Нотр-Дам
15.10.2019 / 18:42
У Францыі пяць жанчын прысудзілі да турэмных тэрмінаў ад 5 да 30 гадоў за спробу падарваць аўтамабільную бомбу ля сабора Нотр-Дам у 2016 годзе, піша Euronews.
У ноч на 3 верасня 2016 года Інэс Мадані і Арнэла Гілігман прыпаркавалі шэры Peugeot 607 без нумарнога знака на вуліцы перад рэстаранамі каля Нотр-Дам.
Аўтамабіль быў загружаны шасцю газавымі балончыкамі. Зламысніца абліла машыну дызельным палівам і кінула ў яе запаленую цыгарэту, але дызельнае паліва аказалася не такім лёгкаўзгаральным рэчывам.
Мадані арыштавалі праз некалькі дзён у кватэры ў прыгарадзе Парыжа разам з двума іншымі абвінавачанымі — Сарай Эрве і Амель Сакаў. Падчас затрымання яны паранілі нажом паліцэйскага, Мадані атрымала агнястрэльнае раненне. Гілігман арыштавалі 6 верасня.
Усім жанчынам былі выстаўлены абвінавачванні ў тэрарызме, пракуроры патрабавалі пажыццёвага зняволення для чатырох з іх.
Мадані, якая займалася вярбоўкай жанчын для Ісламскай дзяржавы, далі 30 гадоў, а Гілігман прысудзілі да 25 гадоў турмы.
Эрве і Сакаў далі па 20 гадоў, а Саміі Шалель — пяць гадоў за дапамогу Мадані схавацца пасля няўдалай атакі.