Як былі апрануты госці Беларускага тыдня моды ШМАТ ФОТАЎ
+ госці расказваюць, што на іх і чаму
Тыдзень моды ў Мінску — выдатная нагода выгуляць свой гардэроб і пахваліцца пачуццем густу. У перапынках між паказамі вылавілі самых стылёвых гасцей і распыталі пра іх адзенне.
18.10.2019 / 15:54
Таццяна Шчарбакова, стылістка:
«Я натхнілася апошнім паказам Max Mara: яны выпускалі ў сваёй калекцыі касцюмы са штанамі, гальштукі — такая мужчынская тэма. У стварэнні вобразу адштурхоўвалася ў першую чаргу ад сумкі, паколькі гэта дастаткова яркі аксесуар. Такія сумкі робіць беларускі дызайнер — ён перапрацоўвае старыя вырабы са скуры, атрымліваецца эка-прадукт.
Яшчэ адзін трэнд — укарочаныя блэйзеры. Штаны — а-ля мужчынскі стыль. Усё, што я люблю. Я чалавек-штаны, мне падабаецца спалучэнне простых каляровых рашэнняў і мінімалізм.
Пінжак нашага беларускага брэнда Uno Mas Uno. Штаны — мас-маркет. Гальштук стырыла ў мужа.
Як зімой выглядаць добра і пры гэтым не мерзнуць? Першае — я стараюся купляць рэчы з натуральных тканін: шэрсць, кашэмір. Яны будуць саграваць. Другі любімы прыём — гэта шматслойнасць. А калі ўжо крытычна мінусавая тэмпература, то я за разумны сэнс: лепш адзецца максімальна цёпла, а не модна. Галоўнае — берагчы сваё здароўе».
Настасся Левановіч, студэнтка:
«Мой вобраз — гэта жывы прыклад таго, як са звычайных рэчаў, дастаткова недарагіх, можна сабраць штосьці цікавае. Стыль — унісэкс. Рэчы — вінтаж. Сэканд-хэнд, бабуліна шафа — чаму не?»
Франчэска Беліні, фатограф:
«Гэты лук прыехаў з Лондана, прынамсі жакет. Я тут часам сутыкаюся з лэдзі, якія маюць падобныя ўборы з бліскаўкамі. Літаральна ўчора такое здарылася на здымках ТБ-шоу».
Наталля Зяневіч, стылістка, сяброўка Беларускай палаты моды:
«Я падрыхтавалася, выбрала рэчы беларускага дызайну. Сумка, якую я прыстасавала як клатч, — гэта «Галантэя», жакет — Devur, штаны — Балунова, бранзалет — Rainbow, завушніцы — Ptushka. А кашуля — ужо нейкі варожы брэнд.
Мне падабаюцца прасторныя штаны з акцэнтаванай лініяй таліі і тое, што іх можна сабраць знізу шнуркамі бацільёнаў і стварыць сілуэт бананаў. А так, эпоха 80-х — спонсар сённяшняга луку».
Вольга Шатыка, мадэль:
«Мяне запрасіла фірма «Нэлва» на перыяд паказу стаць тварам брэнду. Учора я прыехала ў іх краму, дзе мы падабралі гэты вобраз. А сёння знялася ў прома-роліку фірмы.
«Нэлва» — адзін з маіх любімых брэндаў. У мяне ёсць іх маленькая чорная сукенка, якая служыць ужо восьмы ці дзявяты год.
Ад беларускіх брэндаў у мяне шмат рэчаў. Два паліто нашай «Элемы», абутак «Марка»… Але адзенне часцей купляю ў мас-маркеце. Нашу моду трэба падтрымліваць, але ж пакуль цэны кусаюцца. Вось Партугалія вядома тым, што там шмат маленькіх брэндаў, якія ствараюць крэатыўнае адзенне, а цэны невысокія. І таму туды прыязджаюць з усяго свету, каб купіць дызайнерскія рэчы. І я мару, каб у Беларусь гэтак жа прыязджалі».
Cвятлана Лявіціна, дызайнерка:
«Гэты кардыган майго дызайну, а сукенка — падарунак сябра: вырашыла, што тыдзень моды — добрая нагода яе выгуляць. Аксесуары стварала мая сяброўка, беларуская дызайнерка Дар’я Палуян.
Шчыра кажучы, калі я сюды збіралася, думала адзецца менавіта ў сваё, але сёння паказы больш спакойныя. Я вырашыла не эпатаваць публіку, бо адзенне майго дызайну яркае. У Мінску наогул не шмат месцаў, куды можна модна прыбрацца».
Дар’я Судзьева, імідж-экспертка:
«Выбірала для гэтай восені вобраз у фіялетавым колеры ў спалучэнні з элегантным бэжавым. Сукенка — наша беларуская, брэнд «Краса», шаўковая хустка — Coccinelle, абадок — звычайная «Зара», якая ўсім даступная. Пра паліто, красоўкі і рукзак не будзем — дарагія рэчы.
Я за тое, каб мы з моды бралі тое, што нас упрыгожвае. Напрыклад, калі ў вас шырокі лоб і другі падбародак, то абадок заўсёды дапаможа гэта схаваць і візуальна выцягнуць твар».
Рэгіна Рылова, студэнтка:
«Большасць з гэтага — вінтаж: бабуліна, маміна, знойдзенае на рынках, барахолках. Ці лёгка быць стылёвай у Беларусі? Усё залежыць ад чалавека. Калі ёсць крэатыўнае мысленне, то лёгка. На вуліцы на такі вобраз рэагуюць станоўча, некаторыя ўсміхаюцца, але ніколі не падыходзілі і не каментавалі».
Ірына Сцягайла, пенсіянерка:
«Сёння мне захацелася стварыць такі вобраз гарадской жанчыны, без узросту, дастаткова ўніверсальны. Сукенка — з «Зары». А гэты капялюш — мая вялікая любоў. Наколькі я ведаю, капелюшы зараз у трэндзе, я бачу такія на маладых дзяўчатах. Мне вельмі падабаецца камбінаваць на першы погляд несумяшчальныя рэчы».
Светлана Кірынюк, дырэктарка салона прыгажосці:
«Мы з сынам працуем сёння на паказах, у нас на прычосцы было больш за 100 мадэляў. Я дапамагаю арганізацыйныя пытанні вырашаць — заколкі, банцікі адшукаць, сфатаграфаваць вобразы правільна. Займаюся гэтым 15 гадоў.
Маю ўкладку дапамагалі рабіць вучаніцы з каледжа. Яны рабілі, а я казала, як.
На мне ўсе беларускае. Сукенку Наталля Ляхавец шыла — у яе залатыя ручкі. Наогул у мяне працэнтаў 80 адзення — нашых брэндаў».