На выбарах прэзідэнта Аргентыны перамагае левы папуліст

28.10.2019 / 07:44

Апазіцыянер Фернандэс па выніках апрацоўкі больш як 90% галасоў выйграе выбары прэзідэнта Аргенціны, набіраючы 47,8%, дастатковых для перамогі ў першым туры, паведамляе выбарчая камісія.

Дзеючы прэзідэнт краіны Маурысіа Макры набірае 40,69%.

Згодна з аргентынскім заканадаўствам, перамога ў першым туры забяспечана кандыдату, які набярэ больш за 45% галасоў ці 40%, але з розніцай больш чым у 10% ад бліжэйшага суперніка.

Фернандэс ідзе на выбары ў звязцы з былой прэзідэнткай Крысцінай Кіршнер, кіраванне якой запомнілася карупцыйнымі скандаламі. Ад яго чакаюць згортвання непапулярных эканамічных рэформаў, пачатых Макры, перагляду пагаднення з МВФ, адмовы ад павышэння камунальных тарыфаў, вяртання да рэгулявання цэнаў.

З Макры ў свеце звязвалі надзею на аздараўленне эканомікі Аргентыны, дзе кожны трэці знаходзіцца за рысай беднасці. Пад яго рэформы МВФ выпісаў рэкордны крэдыт у 57 млрд долараў.

Але цяпер замежныя інвестары могуць адмовіцца ад супрацы. Адразу пасля абвяшчэння вынікаў выбараў курс нацыянальнай валюты песа да даляра рэзка ўпаў, а Цэнтрабанк Аргенціны увёў абмежаванні на куплю валюты для насельніцтва.

Nashaniva.com