Знайсці лідара «Ісламскай дзяржавы» дапамагло сачэнне за яго памочнікам: дэталі аперацыі

28.10.2019 / 08:16

Месцазнаходжанне кіраўніка тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» Абу Бакра аль-Багдадзі, як мяркуецца знішчанага ў выніку спецаперацыі сілаў ЗША ў правінцыі Ідліб, было высветлена дзякуючы аднаму з яго асноўных памочнікаў. Пра гэта паведаміла ў нядзелю агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў іракскіх спецслужбах, піша tass.ru.

У ходзе працяглых пошукаў аль-Багдадзі супрацоўнікі ірацкай выведкі выйшлі ў лютым 2018 года на Ісмаэля аль-Этаві, аднаго з асноўных памочнікаў завадатара ІД. Аль-Этаві быў арыштаваны турэцкімі вайскоўцамі і перададзены іракскім сілам бяспекі. «Аль-Этаві даў нам падрабязнасці пра пяць мужчынаў, у тым ліку яго, з якімі аль-Багдадзі сустракаўся ў Сірыі, і пра розныя месцы, якія яны выкарыстоўвалі [для сустрэч]», - распавёў агенцтву адзін з супрацоўнікаў ірацкіх спэцслужбаў.

Ірацкія крыніцы называюць Ісмаэля аль-Этаві адным з пяці галоўных памочнікаў аль-Багдадзі. Аль-Этаві ў 2006 годзе далучыўся да тэрарыстычнай сеткі «Аль-Каіда», быў арыштаваны вайскоўцамі ЗША ў 2008-м, пасля чаго правёў чатыры гады ў турме. Пасля вызвалення ён далучыўся да ІД.

Канчаткова высветліць месцазнаходжанне аль-Багдадзі ўдалося сёлета падчас сумеснай аперацыі выведак ЗША, Турцыі і Ірака. Выведнікі захапілі яшчэ некалькі тэрарыстаў ІД і атрымалі ад іх інфармацыю аб месцах сустрэч з аль-Багдадзі ў Сірыі, а затым высветлілі, што верхавод ІД хаваецца з сям'ёй у раёне Ідліб.

У выніку на адным з рынкаў Ідліба сірыйскія інфарматары іракскіх спецслужбаў заўважылі ўсё таго ж Ісмаэля аль-Этаві. Сачэнне за ім дазволіла выявіць месца знаходжання аль-Багдадзі і ўсталяваць назіранне за верхаводам з дапамогай спадарожніка і дронаў. 25 кастрычніка аль-Багдадзі перабраўся ў новае месца, дзе і быў знішчаны амерыканскімі вайскоўцамі.

Пры гэтым раней газета The New York Times паведамляла, што месцазнаходжанне аль-Багдадзі было высветлена ў выніку затрымання і допыту летам гэтага года адной з яго жонак і пасыльнага. Выданне не называла імя пасыльнага.

Nashaniva.com