З выбараў знялі яшчэ адну актывістку апазіцыі
28.10.2019 / 13:12
Камісія Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 (Мінск) адмяніла рэгістрацыю Аксаны Юшкевіч кандыдаткай у дэпутаты, паведамляе Радыё Свабода.
Сваё рашэньне камісія вынесла 26 кастрычніка. Паводле пастановы акруговай камісіі, нагодай стала парушэнне кандыдаткай выбарчага заканадаўства пры правядзенні пікету ля Акадэміі кіравання 20 кастрычніка.
Пікет праводзіўся ў дазволеным месцы, аднак, паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, Юшкевіч не падала заяву аб правядзенні масавай акцыі. Яшчэ адным парушэньнем камісія палічыла раздачу ўлётак «Еўрапейскай Беларусі», у якіх не было абавязковых выходных звестак, прадугледжаных ч. 12 арт. 45 Выбарчага кодэксу.
Юшкевіч раней ужо двойчы выносілі папярэджаньні, адзначаецца ў рашэньні камісіі.
22 кастрычніка выступ Аксаны Юшкевіч на дзяржаўным «Радыё Мінск» не пусцілі ў эфір, 19 кастрычніка адмовілі ў выступе і яе даверанай асобе Ірыне Халіп.