Арыштаваны па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Расіі аказаўся супрацоўнікам Мінабароны Польшчы
28.10.2019 / 18:23
Супрацоўнік агенцтва, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства абароны Польшчы, арыштаваны па падазрэнні ў замаху на шпіянаж на карысць Расіі, паведамляе Грамадскае тэлебачанне краіны. Крыніцы канала сцвярджаюць, што падазраваны працаваў у Агенцтве ваеннай маёмасці, там гэтую інфармацыю адмаўляюць.
Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала яго ў мінулы чацвер, пры вобшуку ў яго знойдзеныя фальшывыя дакументы і незарэгістраваная зброя і боепрыпасы, удакладняе газета Wyborcza.
Поўнае імя падазраванага не раскрываецца, пракуратура называе яго Пётр Ш. (Piotr Ś.). Па выстаўленых абвінавачаннях яму пагражае ад трох да васьмі гадоў турмы.