25 адрасоў Гомеля — горада, у якім ёсць усё ШМАТ ФОТА
Нават у безнадзейна панылую познюю восень Гомель, другі па велічыні беларускі горад, вабіць — тут ёсць на што паглядзець і чым захапіцца. Мы сабралі для вас два тузіны гомельскіх цікавостак, хоць у рэальнасці іх нашмат больш.
18.11.2019 / 13:30
Палац з купюры
Турыстычная дамінанта Гомеля — палац Румянцавых-Паскевічаў, сярод маляўнічага парку, на высокім беразе Сажа.
Яго бачылі абсалютна ўсе беларусы, якія трымалі ў руках дваццацірублёвую купюру.
Палац стаіць на тысячагадовым гомельскім замчышчы, якое перажыло і татарскія, і шведскія, і маскоўскія, і казацкія аблогі. Дый вялікі гетман ВКЛ яго браў.
У XVIII стагоддзі, пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі, царыца Кацярына ІІ аддала Гомель графу Румянцаву. Той загадаў разбурыць яшчэ цалкам прыдатны для аблогі замак, зраўняў з зямлёй валы і равы, а на павялічанай за гэты кошт пляцоўцы заклаў палац. Наступны гаспадар, расійскі палкаводзец Паскевіч, якому Гомель дастаўся, калі род Румянцавых згас, надаў палацу сучасны выгляд, прыбудаваўшы вежу з гадзіннікам. У той вежы Паскевіч уладкаваў сабе кабінет.
Прыехаў у Гомель? Пакармі вавёрку!
Паркавыя вавёркі — асобная гомельская тэма. Гэтыя мілыя пухнатыя звяркі ёсць, вядома, ва ўсіх гарадскіх парках, дзе маюцца жалуды, каштаны і аматары жывой прыроды. Але ў Гомелі вавёрак культывуюць асабліва.
Змяніўшы рудыя летнія футры на сівыя зімовыя, яны апанавалі кармушкі, развешаныя ў парку пры палацы. А гамельчукі гатовыя гадзінамі стаяць, назіраючы за іх выкрутасамі.
Сож
У Гомель варта прыехаць ужо дзеля таго, каб зірнуць на маляўнічы Сож.
На некаторых картах XVI стагоддзя гэты прыток Дняпра называецца «Нярэя». У гэтым слове некаторыя гісторыкі бачаць балцкі корань, той самы, што ў назвах Нарач ці Нярыс. Назва «Сож» таксама паходзіць ці то ад балцкага, ці то ад угра-фінскага слова, значэнне якога сцерлася між стагоддзяў.
Сёння гэтая рака, дарэчы, дае Гомелю надзею стаць марскімі варотамі краіны. Калі ў вёсцы Ніжнія Жары, што ў Брагінскім раёне, на Дняпры, у які ўпадае Сож, збудуюць-такі порт для караблёў з Чорнага мора. Але і без таго Сож мае 373 км суднаходнага фарватара.
Набярэжная — найлепшае месца для шпацыраў, прабежак, рэлаксацыі. На ёй напоўніцу разумееш плюсы жыцця ў горадзе з вялікай ракой.
А некаторых Сож не адпускае да самых халадоў.
Сабор, які збудаваў Джон
Званіца Петрапаўлаўскага сабора — абавязковы элемент фірмовай панарамы Гомеля.
Сабор нагадвае Ісакіеўскі, што ў Пецярбургу, хоць праектаваў яго ў пачатку ХІХ стагоддзя англічанін Джон Кларк, спецыяльна запрошаны графам Румянцавым.
У двары сабора выстаўленыя макеты архітэктурных помнікаў — цэркваў Гомельшчыны, якія не захаваліся да нашых дзён.
Кларк у Гомелі ажаніўся і пражыў тут 26 гадоў. Ён перабудаваў палац Румянцава, спраектаваў бальніцу, вучэльню, школу, касцёл і нават карчму. Фактычна гэты англічанін сфарміраваў архітэктурнае аблічча горада.
У саборы знаходзіцца саркафаг з целам графа Румянцава.
Зімовы сад
Калі перайсці ручай Гамяюк, на ўпадзенні якога ў Сож і ляжыць гомельскае замчышча, трапляеш на тэрыторыю старажытнага рамеснага пасаду Спасава слабада.
Насельнікі штучнай сажалкі на Гамеюку — яшчэ адзін клопат гамельчукоў у халодную пару.
Цяпер гэта стары парк, у якім гамельчукі ўсіх узростаў займаюцца фізкультурай.
Парк упрыгожваюць парэшткі цукровага завода Паскевічаў. Ён зачыніўся, калі ўкраінскі цукар стаў дзешавейшы.
Тое, што ад яго засталося, выкарыстоўваецца атракцыйна: на фабрычным коміне ўладкаваная аглядная пляцоўка, а ў камяніцы — яшчэ з Паскевічавых часоў — аранжарэя з пальмамі пад столь, чарапахамі, рыбкамі і трусікамі.
Ад дзяцей няма адбою.
Стараверы
Яшчэ далей на поўдзень, бліжэй да аўтамабільнага моста цераз Сож, сярод малапавярховай забудовы і прыватнага сектара высіцца Ільінская царква. Гэта храм старавераў. Іх на Гомельшчыне багата, яны ўцякалі ад ганенняў з Расійскай дзяржавы ў рэлігійна талерантную Рэч Паспалітую. Хоць было гэта трыста гадоў таму, стараверы дагэтуль захавалі тут сваю адметнасць і «дрэўлеправаслаўную» веру.
У Ільінскай царкве маліўся калісьці і казак Амяллян Пугачоў, будучы правадыр вялікага паўстання ў Расіі.
Яшчэ адна стараверская царква ў цэнтры Гомеля, пра якую ведаюць нават не ўсе гамельчукі, стаіць у дварах па вуліцы Пралетарскай.
Кагальны роў
Гісторыя беларускіх гарадоў неааддзельная ад гісторыі беларускіх яўрэяў. Былі сярод іх багатыя, што вярталіся з Амерыкі з капіталамі або шырака гандлявалі, была і бедната ды крымінальнікі. Апошнія ў другой палове ХІХ стагоддзя засялілі яр, па дне якога цячэ ручай Гамяюк.
Сучасная вуліца Пралетарская. Пад'ём ад былога Кагальнага рова.
Там ціснуліся адна да адной халупы, у лабірынтах правулкаў лёгка было схавацца ад паліцыі пасля ўдалага абрабавання ці рэвалюцыйнага «эксу». Нядаўна роў пачалі зароўніваць цяжкой тэхнікай, выклікаючы пратэсты краязнаўцаў.
Навабеліца
Румянцаў, завалодаўшы Гомелем, сутыкнуўся з еўрапейскай цывілізацыйнай адметнасцю: гарадскім самакіраваннем. Стаміўшыся з ім змагацца, граф прыдумаў хітры ход: заснаваць за Сажом горад Новую Беліцу, а Гомель ператварыць у мястэчка пры палацы.
Новая Беліца мела нават свой герб — рысь у сінім полі («бо такіх звяроў у вакольных лясах досыць многа» — тлумачылася ў пастанове Кацярыны ІІ). Але гісторыя павярнулася па-іншаму: Гомелю вярнулі яго правы, Навабеліца стала яго перадмесцем. Але ў якасці герба горада замацавалася тая самая рысь.
Сучасны Навабеліцкі раён Гомеля.
Універсітэт
Для карпусоў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны абранае ідэальнае месца: побач з кандытарскай фабрыкай «Спартак».
Уцягваеш носам паветра — і аж працінае пахам гарачага шакаладу. Трэба думаць, студэнцкі мозг ад гэтага працуе лепей.
Тут вучыліся многія вядомыя людзі — палітык Ціхан Кісялёў і праваабаронца Алесь Бяляцкі, трэнер Спартак Мірановіч і паэт Анатоль Сыс. Апошні любоўна называў сваю альма-матэр «Гомельскім дзяржаўным універмагам».
Азія
Фішка Гомеля — цэлыя масівы старой драўлянай забудовы ў цэнтры горада. Такі сабе жылы скансэн, добра крануты часам.
Аканіцы з унікальнай разьбой шмат дзе пазачыняныя: значыць, гаспадары пакінулі гэты дом.
Калі пайсці па вуліцы Універсітэцкай, пасля ўзяць лявей, углыб прыватнай забудовы, трапіш у гомельскі гістарычны рэгіён Азія. Назвалі яго так, бо «Азіяй» у часы графа Паскевіча называлася вуліца Крылова. І насялялі яе і ваколіцы, паводле гарадскіх легендаў, курды, якія ваявалі разам з Паскевічам супраць Турцыі… Дзвесце год мінула, а курды з туркамі ўсё ваююць.
Каўказ
Як і Азія — не адзіная лакальная гомельская «частка свету». Ёсць тут і свой Каўказ, на поўдзень ад Азіі, паблізу гарадскога стадыёна. Гадоў сто таму гэта быў самы бедны і крымінагенны раён, куды не дужа зазірала нават паліцыя. Халупы «каўказцаў» ляпілася па крутым беразе сожскага старарэчча, якое называлася Дзед. Цяпер старарэчча высахла.
А назва Каўказ пайшла ад вуліцы Шпітальнай, якая раней звалася Каўказскай.
Радзіма беларускага футбола
Менавіта Гомель, а не Мінск і не Барысаў мае такі ганаровы тытул. Бо першы ў гісторыі Беларусі футбольны матч адбыўся тут 31 ліпеня 1911 года паміж камандамі Гомеля і засожскай вёскі Чонкі (цяпер мікрараён горада). Новая гульня так добра зайшла гамельчукам, што ў тым самым годзе яны правялі першынство горада.
Цэнтральны стадыён.
Амерыка
Была у Гомелі і свая Амерыка — у раёне сучаснага Цэнтральнага кірмаша.
Разыходзяцца версіі, ад чаго яна атрымала сваю назву: ці то ад «амерыканскай» сацыяльнай і нацыянальнай разнастайнасці насельнікаў, ці то ад таго, што ў ХІХ стагоддзі Злучаныя Штаты былі самым папулярным кірункам эміграцыі яўрэяў, якія складалі большасць жыхароў гомельскай Амерыкі.
Многія пасля вярталіся з грашыма і амерыканскімі звычкамі ды распачыналі тут сваю справу.
Лакальны Лас-Вегас.
«Глобус Гомеля»
І ўжо квінтэсэнцыяй гомельскай самадастатковасці з’яўляецца Піянерскі сквер пры вуліцы Савецкай, застаўлены макетамі сусветных архітэктурных шэдэўраў. Якіх толькі макетаў тут няма: і егіпецкія піраміды, і кітайская сцяна, і Біг Бэн, і Крэмль, і Нацыянальная бібліятэка… Накшталт таго, як у Кітаі капіююць еўрапейскія гарады для сваіх турыстаў.
Бутафорская Кітайская сцяна ўдала спалучаецца з сапраўднай.
У цяні Крамля.
Тут і Гомель, тут і Мінск.
Карона
Гомель стварае ўражанне самадастатковага горада, у якім ёсць усё. А цяпер ёсць яшчэ і новы вялізны гіпермаркет «Карона».
Ён святочна адчыніўся ў лістападаўскія выходныя на Савецкай, 200, побач з вялікай развязкай, на скрыжаванні дарог з цэнтра, мікрараёна Сяльмаш і магілёўскага кірунку. Гіпермаркет мае плошчу 3960 кв.м. і прасторную паркоўку вакол.
Так выглядае «Піт stop» новага пакалення.
Апроч прадуктовай залы ў будынку ёсць крама тэхнікі «5 элемент», рэстаран хуткага абслугоўвання «Піт stop», крамы дзіцячых тавараў, побытавай хіміі, касметыкі.
У «Кароны» па ўсёй краіне цяпер ажно 16 гандлёвых цэнтраў і больш за 25 крамаў. Глядзіце, якая шырокая геаграфія: Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна, Гомель, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Салігорск, Наваполацк, Шклоў. Ёсць «Кароны» нават у аграгарадках Копысь, Ждановічы і Шчомысліца. Ажно 14 кропак на мапе!
Містэр «Не»
Яшчэ адзін гомельскі брэнд — Андрэй Грамыка.
Ён ды авіяканструктар Сухі — два гамельчукі, якія праславіліся на ўвесь свет у савецкі перыяд. Грамыка, бюст якому ўпрыгожвае і без таго прыгожы Піянерскі сквер, зрабіў кар’еру ў Крамлі.
За мяжой яго, міністра замежных справаў СССР, называлі містэрам «Не», бо ён блакаваў заходнія ініцыятывы. На пачатку перабудовы кароткі час Грамыка нават быў намінальным кіраўніком СССР.
Дом Выгоцкага
А насупраць сквера — Гомельская філармонія, якая месціцца ў былым доме яўрэйскага купца Выгоцкага.
Тут выраслі славуты савецкі псіхолаг Леў Выгоцкі і перакладчык эпохі «сярэбранага веку» Давід Выгоцкі, якому прысвяціў досыць рэзкі санет Осіп Мандэльштам, згадаўшы між іншага і гомельскае паходжанне адрасата.
Свісток
Вы не паверыце — так гамельчукі ў канцы ХІХ стагоддзя называлі адзін з самых прэстыжных раёнаў горада.
Цікава, што месціўся ён зусім побач з жабрацкім Каўказам, уздоўж Сожа, ніжэй за сённяшні рачны порт.
Тут жылі дзяржаўныя службоўцы і вялікія чыны царскай паліцыі. Найхутчэй дзякуючы апошнім раён і атрымаў такую назву.
Гарэлае балота
Яшчэ менш мілагучны псеўданім меў у ХІХ стагоддзі сённяшні раён чыгуначнага вакзала. Гэтыя мясціны называлі Гарэлым балотам, бо балота там і было. І самым зручным відам транспарту для мясцовых жыхароў быў човен.
Цяжка сабе ўявіць гэта сёння на прывакзальнай плошчы з цеснай паркоўкай і транспартным колам.
Цырк-НЛА
Нават досыць безаблічная савецкая забудова 1970-х мае ў Гомелі свае разынкі.
Напрыклад, цырк на вялікай вуліцы Савецкай.
Такіх будынкаў у свеце было ўсяго шэсць — гэты праект цырка, апроч Гомеля, быў увасоблены ў Краснадары, Грозным, Стаўрапалі, Мікалаеве і Запарожжы. А цяпер яшчэ менш: Грозненскі перастаў існаваць, разбураны руска-чачэнскай вайной.
Мяцежнае месца
Яшчэ адзін пазнавальны будынак — трыкатажная фабрыка «8 сакавіка».
На яе месцы ў пачатку ХХ стагоддзя стаялі вайсковыя казармы, гняздо «Стракапытаўскага мяцяжа» — паўстанне чырвонаармейцаў супраць савецкай улады.
Абвясціўшы сябе войскам «Рускай народнай рэспублікі», яны збіраліся скінуць уладу бальшавікоў. Паўстанне было задушанае па загадзе Леніна часцямі, што падышлі з Бранска і Смаленска. Гомель тады гарэў, палац быў разрабаваны… Да слова, Масква спачатку не планавала далучаць Гомель да Беларусі: ён трапіў у склад БССР толькі пасля апошняга «ўзбуйнення» 1926 года.
На гомельскай вуліцы можна ўжывую пабачыць эвалюцыю гарадской архітэктуры за 100 год. Справа налева: ХІХ стагоддзе, канструктывізм 1920-х, ранні савецкі хайтэк 1980-х.
Шведская горка
А зусім новы мікрараён, што будуецца на паўднёвым захадзе горада, ва ўрочышчы Шведская горка, спалучае ў сабе сучаснасць і тысячагадовую гісторыю Гомеля.
Проста каля яго ляжыць старажытнае Любенскае гарадзішча. Дзве з паловай тысячы гадоў таму тут жылі мілаградцы — плямёны, якіх некаторыя даследчыкі называюць першымі славянамі на беларускіх землях.
Партал у мінулае
Ад Шведскай горкі бегла некалі рака Мільча. На ёй, далей на поўнач, паставілі некалі сваю вёску стараверы. Цяпер пра яе нагадвае толькі цагляная брама іх Пакроўскай царквы, што стаіць проста сярод прыватнай забудовы мікрараёна Новая Мільча. Яна глядзіцца нібы партал у мінулае. Увесь Гомель такі: выбірай любую эпоху і вандруй.
{POLL#910}