Нумар ARCHE прызнаны экстрэмісцкім
абноўлена
Такое рашэнне прыняў суд у Берасці на гратэскным закрытым паседжанні. Валер Булгакаў: «Гэта папярэджаньне, што нягледзячы на эрозію лукашэнкаўскай сыстэмы, яе базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі».
25.02.2009 / 10:47
Такое рашэнне прыняў суд у Брэсце на гратэскным закрытым паседжанні.
Нумар №7-8'2008 ARCHE прызнаны экстрэмісцкім. У часе кароткага паседжання суддзя Міранюк (намесніца старшыні Маскоўскага раённага суду Брэста) не задала прадстаўніку часопісу адвакату Паўлу Сапелку ніводнага пытання.
У сваёй заяве КГБ абмяжоўваўся цытаваннем чатырох сказаў з чатырох артыкулаў у 1100-старонкавым часопісе. Адзін з іх — з тэксту заходніх палітолагаў пра сітуацыю ў Беларусі, другі — з матэрыялаў круглага стала ў Рэдакцыі часопісу аб выбуху 3 ліпеня, трэці — з аналізу парлямэнцкіх выбараў 2008 году аўтарства вядомага палітолага Віталя Сіліцкага. Чацвёртая фраза ўвогуле — апісанне сцэны з фільму Анджэя Вайды «Катынь».
Матывіровачная частка рашэння пакуль не вядома. Яе вышлюць па пошце пазней.
Адвакат Павел Сапелка назваў рашэнне супярэчным закону.
Часопіс будзе абскарджваць рашэнне ў аблсудзе.
У выпадку калі такое рашэнне застанецца ў сіле, гэта будзе вяхой новага этапу ў звужэнні свабоды слова ў Беларусі, мяркуе заснавальнік часопісу Андрэй Дынько.
Рэдактар часопісу Валер Булгакаў кажа: «Гэта само па сабе папярэджаньне, што нягледзячы на эрозію лукашэнкаўскай сыстэмы, яе базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі. Нягледзячы на ўсю абсурднасьць абвінавачваньняў, змагацца з дзяржавай немагчыма, зачэпкі заўсёды будуць знойдзеныя».
***
У Берасці сёння раніцай пачаўся суд аб прызнанні №7-8 незалежнага часопіса ARCHE экстрэмісцкім.
Суддзя абвясціла паседжанне закрытым, такім чынам на ім прысутнічаюць толькі прадстаўнік КДБ і адвакат часопіса.
Людзі, якія сабраліся падтрымаць часопіс і яго выдаўцоў, на суд не дапушчаныя.
Рэдактар часопісу Валер Булгакаў назваў абвінавачванні абсурднымі. Па ягоных словах, мае месца кругавая парука дзяржаўных ведамстваў, а КГБ хоча ўзяць на сябе функцыі ідэалагічнага цэнзара.
Папярэдне прадстаўнікам часопісу паведамлялася, што сёння адбудзецца толькі папярэдні разгляд справы.