«Дзякуючы ёй дэпутата ўжо выбралі». На акрузе Марзалюка нехта раскідаў улёткі ў доме, дзе жыве старшыня камісіі
16.11.2019 / 17:26
Невядомыя ў Магілёве правялі акцыю — даведаліся хатні адрас старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №32 Марыны Зубарэнка і расклеілі ўлёткі на кожным з пад'ездаў шматпавярховіка.
Зубарэнка — дырэктарка садка-школы №12 Магілёва. Фота 12mogilev.schools.by
«Мы ніколі не сутыкаліся з ціскам падчас выбараў. А тут закруціўся цэлы скандал. У шматкватэрным доме, дзе пражывае старшыня нашай камісіі, з'явіліся ўлёткі. У іх было напісана, што на ўчастку ўжо выбралі дэпутата і ўсё дзякуючы старшыні. Там жа быў надрукаваны хатні адрас і прапанова заклікаць старшыні да адказнасці. Лісткамі абляпілі ўсе пад'езды шматпавярховага дома», — расказала намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі №32 Магілёва Вольга Папова.
Сітуацыя адбываецца на Магілёўска-Ленінскай акрузе №84, дзе балатуецца гісторык Ігар Марзалюк.
БелТА паведамляе, што старшыня камісіі напісала заяву ў міліцыю.