Лукашэнка: Калі не падабаецца, як выбары арганізуе прэзідэнт, можаце выбраць новага. Я ссінелымі пальцамі трымацца за крэсла не буду

17.11.2019 / 12:53

Кіраўнік дзяржавы сёння пракаментаваў правакацыі падчас кампаніі і выбараў, піша Tut.by

— Я ведаю 6 выпадкаў, калі паступілі такім чынам. У нас яны задакументаваныя, і мы з гэтымі людзьмі разбярэмся па законе. Я проста цяпер прашу людзей не ствараць праблем. Трэба пацярпець. Правядзем выбары і разбярэмся. Я аддаў распараджэнне міліцыі і спецслужбам спыняць жорстка такія рэчы. Члены камісій ад мяне атрымаюць жалезную абарону. Я вельмі хутка магу заклікаць да адказу, вы ведаеце мяне не першы год.

«Гэта рэпетыцыя галоўных выбараў, — лічыць Лукашэнка. — Яны [правакатары] мацаюць, спрабуюць на зуб — на плошчах і ўчастках. Яны ціснуць на нашых людзей [членаў выбарчых камісій] — а гэта простыя дактары, настаўнікі, інжынеры… Мы сваю краіну нікому не аддамо. Гэта наша краіна. Мы яе будзем абараняць і нашых людзей як мае быць — па законе».

Лукашэнка заявіў, што «заклапочаны, як будуць ацэнены выбары. Перажываю, як успрымуць нашы выбары … Але я з гэтай нагоды «парыцца» не прывык. Мы праводзім выбары для сябе, па нашых законах. Калі грамадству не падабаецца, як гэта арганізуе прэзідэнт, у наступным годзе змогуць абраць новага. Я ссінелымі пальцамі за крэсла трымацца не буду…

Галоўнае, каб гэтыя выбары былі ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ? Іх ніхто ў свеце не слухае. А вось мы сур'ёзна ўспрымаем іх меркаванне. Дэмакратыя? Але падманваць народ дзеля нейкіх партый мы не будзем».

Разам з тым Лукашэнка абвясціў, што возьме ўдзел у наступных выбарах у 2020 годзе.

Nashaniva.com