Урад прызнаў 66 раёнаў Беларусі неспрыяльнымі для сельгасвытворчасці
29.11.2019 / 08:57
Урадам вызначаны пералік раёнаў, якія адносяцца да неспрыяльных для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, на 2020-2024 гады. Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Саўміна.
У названы пералік унесена 66 раёнаў краіны [усяго ў краіне 118 раёнаў].
У Гродзенскай вобласці для вытворчасці сельгаспрадукцыі неспрыяльныя 3 раёны, у Брэсцкай - 5, у Мінскай - 7, у Магілёўскай - 13, у Віцебскай - 18 і ў Гомельскай -20.
Так у Мінскай вобласці неспрыяльнымі названыя: Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Крупскі, Лагойскі, Мядзельскі, Старадарожскі раёны.
Згодна з Палажэннем аб парадку аднясення раёнаў да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі, неспрыяльным для вытворчасці сельгаспрадукцыі прызнаецца раён, на тэрыторыі якога ў сувязі з прыродна-кліматычнымі, глебавымі, экалагічнымі і сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі (фактарамі) арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасці не ўяўляецца магчымай.