Лявон Вольскі перазапісаў і намаляваў «Тры чарапахі»

29.11.2019 / 13:13

Вядомы хіт «Тры чарапахі» атрымаў новую аранжыроўку і адмысловае лірык-відэа, да якога Лявон Вольскі ўласнаруч напісаў усе тэксты і намаляваў ілюстрацыі.

Аўтар аранжыроўкі — нарвежскі саўндпрадзюсер Снорэ Бергеруд, вядомы па апошніх сольных альбомах Вольскага.

«Мы даўно граем на канцэртах гэты варыянт «Трох чарапахаў» і трэба было зафіксаваць яго. Для лірык-відэа спачатку проста хацелі напісаць тэкст, а потым з’явілася ідэя дадаць у яго яшчэ і малюнкі. Рабілася ўсё хутка, але весела, і гэты настрой добра пасуе песні», — каментуе Лявон Вольскі.

Што з гэтага атрымалася, можна паслухаць і ўбачыць у відэа, створаным пры падтрымцы партнёрскай праграмы MediaCube Network.

Такую ж назву — «Тры чарапахі» — атрымаў свежы міні-альбом Лявона Вольскага, у які разам з загалоўнай песняй патрапілі яшчэ два перазапісаныя разам хіты N.R.M. яго аўтарства: «Лёгкія-лёгкія» і «Паветраны шар». Рэліз дасяжны на ўсіх галоўных лічбавых пляцоўках.

Усе гэтыя песні і шматлікія іншыя хіты за 35 гадоў музычнай кар’еры Лявона Вольскага прагучаць на найбліжэйшым канцэрце ужо ў гэтую суботу, 30 лістапада, у Гародні ў клубе «Галактыка». Пачатак а 19-й гадзіне.

Квіткі на сайце Kvitki.by і ў касах горада.

Nashaniva.com