У псіхіятрычнай бальніцы ў Смаргонскім раёне скароцяць колькасць месцаў

29.11.2019 / 18:10

У псіхіятрычнай бальніцы ў Жодзішках (Смаргонскі раён) скарачаецца колькасць месцаў. Частку хворых мусяць выпісаць.

Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў галоўны доктар ўстановы Аляксандр Кавалёў.

«У сакавіку 2020 года прынята рашэнне частку нашых пацыентаў перавесці ў Астравец, там у бальніцы адкрываецца аддзяленне для псіхічнахворых людзей. Частку пацыентаў давядзецца выпісаць. У нас жа не пажыццёвае ўтрыманне,» — расказвае Аляксандр Кавалёў.

На якую колькасць месцаў зменшыцца бальніца, галоўнаму доктару пакуль што не вядома.

Як расказаў наш суразмоўца, у Астраўцы не адкрыецца новая бальніца, а пад псіхіятрычнае аддзяленне адвядуць некалькі карпусоў бальніцы, што ўжо існуе.

Nashaniva.com