У Гродне ў гандлёвым цэнтры скралі таксу. А яна збегла ад выкрадальніка і вярнулася дахаты

02.12.2019 / 14:40

Здарэнне адбылося ў мінулую пятніцу ў Гродне. 69-гадовая жанчына пайшла ў гандлёвы цэнтр. Яна навязала сабаку ля ўваходу ў будынак, а калі праз паўгадзіны выйшла, то ўбачыла, што сабакі няма, паведамляе абласная міліцыя.

Жанчына адразу звярнулася ў міліцыю, але праз некалькі гадзін сабака знайшоўся. Высветлілася, што яго забраў 49-гадовы мужчына. Праваахоўнікі па камерах відэаназірання высветлілі, што мужчына выйшаў з тэрыторыі адной з будаўнічых арганізацый, падышоў да лаўкі, дзе была прывязаная такса. Каля 15 хвілін сядзеў побач, гладзіў яе, а потым забраў.

Мужчына растлумачыў, што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення і вельмі любіць сабак яшчэ з маладосці, калі служыў на караблі. Яму здалося, што такса замерзла, хоць тая была ў камбінезоне. У выніку мужчына адвёў выкрадзенага гадаванца ў будаўнічую бытоўку, дзе адпусціў з ланцужка, а сам працягнуў выпіваць.

Але ён забыўся зачыніць дзверы, і сабака збег. Мала таго, жывёла добра ведала раён і самастойна вярнулася дадому. А супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі ў бытоўцы ў падазраванага камбінезон і павадок.

Цяпер сабака ўжо дома. Гаспадыня падзякавала міліцыі за тое, што аператыўна разабраліся ў сітуацыі. Што да мужчыны, то крымінальная адказнасць за падобныя дзеянні прадугледжана па артыкуле «Крадзеж».

Nashaniva.com