Беларусь атрымае 259 мільёнаў еўра на рамонт 12 мастоў і трасы М3

03.12.2019 / 11:47

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) выдзяляе 259 млн еўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3. Адпаведнае крэдытнае пагадненне падпісана сёння па выніках сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з першым віцэ-прэзідэнтам ЕБРР Юргенам Рыгтэрынкам, піша БелТА.

Як растлумачыў журналістам міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, першы кампанент пагаднення прадугледжвае рэканструкцыю 12 мастоў на рэспубліканскіх аўтадарогах з фінансаваннем у памеры 126 млн еўра. Чакаецца, што рэканструкцыю могуць пачаць ужо ў 2020 годзе пасля правядзення неабходных працэдур.

Другі транш у памеры 133 млн еўра прызначаны для мадэрнізацыі трасы M3, якая злучае Мінск з Віцебскам. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю 47-кіламетровага ўчастка трасы.

Даўжыня дарожнай сеткі Беларусі складае каля 87 тыс. км, уключаючы 2-і і 9-ы міжнародныя транспартныя калідоры, якія злучаюць краіны - удзельніцы ЕС з Расіяй, Сярэдняй Азіяй і Кітаем. Яны таксама злучаюць краіны Балтыі з Чорным морам.

Nashaniva.com