Столтэнберг: Калі Расія нападзе на Польшчу і краіны Балтыі, НАТА адкажа
04.12.2019 / 07:20
Польшча і краіны Балтыі могуць разлічваць на ваенную дапамогу НАТА, калі Расея нападзе на іх. Размясціўшы сваіх вайскоўцаў у гэтых краінах, Паўночнаатлантычны альянс пасылае «моцны сігнал на адрас Расіі», заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у інтэрв'ю польскай газеце Rzeczpospolita, піша tut.by.
Пры гэтым ён адзначыў, што Паўночнаатлантычны альянс не бачыць ворага ў Расіі. «Аднак мы павінны быць упэўнены, што ў адной з краін НАТА не паўторыцца таго, што адбылося ва Украіне, — узброенага ўварвання Расіі ў суседнюю краіну», — сказаў Енс Столтэнберг.
Перад пачаткам саміту НАТА, які адкрыўся 3 снежня ў Лондане, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган прыгразіў блакаваць план альянсу па абароне Польшчы і краін Балтыі, калі НАТА не прызнае тэрарыстычнай арганізацыяй сілы самаабароны сірыйскіх курдаў (YPG). Спрэчка пра гэта можа стаць адной з галоўных тэм сустрэчы ў Лондане.