Дэпутаты не сталі разглядаць законапраект Канапацкай аб гарантыях экс-прэзідэнту Беларусі
04.12.2019 / 12:17
Дэпутаты шостага склікання не сталі разглядаць законапраект аб гарантыях экс-прэзідэнту Беларусі. Пра гэта TUT.BY распавяла аўтар законапраекта Ганна Канапацкая.
— Думаю, дакумент не прайшоў неабходныя працэдуры [у парламенце], — выказала здагадку Канапацкая.
Прайсці ўсе неабходныя працэдуры дакумент не мог і з-за недахопу часу — ён быў «запушчаны» Канапацкай у парламенце за тыдзень да заканчэння работы парламентарыяў шостага склікання. Ужо 6 снежня ў парламенце пачнуць працаваць новыя дэпутаты.
Законапраект «Аб гарантыях прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і членам яго сям'і» прадугледжвае для экс-прэзідэнта Беларусі пажыццёвую ахову, медабслугоўванне, пенсію ў памеры 75% ад заробку прэзідэнта, магчымасць карыстацца урадавай сувяззю і мець штат памочнікаў. Таксама былы прэзідэнт не можа быць прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні, праведзеныя ім у перыяд паўнамоцтваў прэзідэнта.