Белыя мядзведзі «анексуюць» сяло на Чукотцы ФОТА
06.12.2019 / 08:19
Максім Дземінаў, WWF Расіі.
Больш за паўсотні белых мядзведзяў атачылі аддаленае сяло Рыркайпій на Крайняй Поўначы Расіі, піша bbc.com.
Мядзведзі сабралася на невялікім участку помніка прыроды рэгіянальнага значэння «Мыс Кажэўнікава». Цяпер яны сілкуюцца тушамі маржоў, што засталіся тут з восені, калі на мысе адпачывалі тысячы марскіх сысуноў. Аднак маржы сышлі з мыса Кажэўнікава яшчэ ў лістападзе і з ежай у мядзведзяў могуць узнікнуць цяжкасці.
Хоць белыя мядзведзі ля вёскі Рыркайпій перыядычна з'яўляюцца, так многа іх яшчэ не было.
«Мядзведжы дэсант» высадзіўся на мыс імкліва, літаральна за тры-чатыры дні. Налічылі 56 жывёл.
На час мядзвежага нашэсця ў Рыркайпіі адмянілі ўсе грамадскія мерапрыемствы — рэпетыцыі, канцэрты, а ў дзіцячы сад і школу дзяцей будуць развозіць на аўтобусах.
Адной з прычын «нашэсця» лічаць глабальнае пацяпленне.
У раёне мыса Кажэўнікава назіраецца незвычайна цёплае як для пачатку снежня надвор'е, з-за чаго лёд каля берага хоць і з'явіўся, але ўсё яшчэ недастаткова трывалы, каб вытрымаць цяжкіх белых мядзведзяў.
Жыхары вёскі чакаюць, калі ўдараць маразы і па таўсцейшым лёдзе драпежнікі сыйдуць.
Калі б лёд быў досыць трывалым, мядзведзі, ці хаця б частка з іх, ужо б пайшлі ў мора, дзе маглі б паляваць на цюленяў або марскіх зайцаў. А пакуль яны будуць шукаць ежу ўздоўж берага, — тлумачаць навукоўцы.
Сярод белых мядзведзяў, што атачылі сяло, - старыя і маладыя, а таксама мядзведзіцы з медзведзянятамі рознага веку. Амаль усе яны — вельмі худыя.