Зяленскі і Пуцін зайшлі ў штыкі адносна мяжы і газу, але дамовіліся пра абмен
10.12.2019 / 00:39
Сустрэча лідараў краін нармандскай чацвёркі прайшла ў Елісейскім палацы ў Парыжы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гаварылі пра выбары на Данбасе і аднаўленне ўкраінскага кантролю над мяжой, але нейкіх дамоўленасцей не дасягнулі.
Пра гэта паведаміў суразмоўца «Украінскай праўды» ва ўкраінскай дэлегацыі: «Адносна мяжы зайшлі ў штыкі і не дамовіліся».
Па словах суразмоўцы, Пуцін настойваў на тым, што на непадкантрольных тэрыторыях павінны спачатку прайсці выбары, а ўжо потым Украіна атрымае магчымасць кантраляваць мяжу.
Уладзімір Зяленскі не пагадзіўся з такой прапановай.
Пацвярджае гэтую інфармацыю і Коммерсант.
У той жа час бакі ўзгаднілі абмен асобамі, што ўтрымліваюцца, да канца года.
На перамовах лідары нармандскай чацвёркі дамовіліся аб правядзенні абмену палоннымі паміж Украінай і баевікамі «Л/ДНР» да канца года.
Таксама ўзгоднена падаўжэнне закона аб асаблівым статусе Данбаса, перадае Громадське са спасылкай на крыніцы ў афіцыйнай украінскай дэлегацыі.
Украіна і Расія не дасягнулі дамоўленасці аб новым кантракце на транзіт і пастаўкі газу па выніках перамоваў прэзідэнтаў, паведаміў выканаўчы дырэктар «Нафтагаз Украіны» Юрый Вітрэнка.
Першая двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Расіі Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна працягвалася каля гадзіны.
Паводле інфармацыі РБК-Україна, перамовы Зяленскага і Пуціна ў фармаце тэт-а-тэт працягваліся 10-15 хвілін. Астатні час на сустрэчы прысутнічалі члены дэлегацыі Украіны і Расіі.