«Быть легионером во Франции почетно». Интервью с белорусом из Иностранного легиона
10.12.2019 / 15:51
Belsat.eu пагутарыў з беларусам Канстанцінам, які на пачатку 2000-х праходзіў службу ў французскім Замежным легіёне. Наш суразмоўца распавёў, колькі зарабляюць легіянеры, ці шмат там беларусаў і чаму замежнікі ідуць служыць французскай дзяржаве.
Канстанціну 42 гады. Ён родам з сям’і савецкага вайскоўцы. У 1991 годзе бацька скончыў вайсковую службу, атрымаў кватэру ў Менску і сям’я асела ў Беларусі. У Менску будучы легіянер скончыў школу, затым — будаўнічую вучэльню. Вучыўся ва ўніверсітэце фізкультуры, працаваў настаўнікам і трэнерам. У канцы 90-х ён адслужыў ва Узброеных сілах Беларусі. Пасля службы ў войску Канстанцін зразумеў, што хоча быць вайскоўцам.
Канстанцін (злева) разам са саслужыўцамі па Замежным легіёне падчас камандзіроўкі ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
«80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект»
— Я з сямʼі вайскоўца, ваенная сцежка заўсёды была ў маёй крыві, — распавядае Канстанцін. — Трэба было выбіраць, дзе служыць. Тата быў вайскоўцам у велізарнай краіне, перамяшчаўся на вялікія адлегласці, служыў у ГДР, Вугоршчыне, Беларусі. Але часы змяніліся. Мне здавалася, што служыць у беларускай арміі сумна — няма прыгодаў, у нас мірная краіна. Для мяне было важна рэалізаваць сябе як вайсковец у прыгодніцкім плане. Таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў Замежным легіёне.
— Што трэба, каб патрапіць у Замежны легіён?
— Трэба прайсці звычайную медкамісію, нескладаныя фізічныя нарматывы і сурʼёзны тэст на інтэлект, памяць і ўважлівасць. У нашыя часы [пачатак 2000-х. — Belsat.eu] тэсты на інтэлект здавалі не на кампʼютарах, а проста на аркушах. Напрыклад, аркуш запоўнены рознымі значкамі — кружок, квадрацік, знак працэнту, пытальнік. Нейкія трэба падкрэсліць, нейкія — абвесці кружочкам. І ты на чатырох аркушах абводзіш і падкрэсліваеш. Мапу трэба было запомніць. Паказваюць табе мапу, ты запамінаеш усе назвы, размяшчэнне, а потым даюць такую ж мапу, але без назваў — і трэба падпісаць, дзе што знаходзіцца. 80 % адсейваюцца пры тэсце на інтэлект (пры тым, што конкурс у легіёне — 8-10 чалавек на 1 месца). Таму тыя, хто праходзіць адбор, у асноўным вельмі талковыя хлопцы.
Шмат размаўляюць з табой пры прыёме ў легіён, асабліва на тэму «чаму ты прыехаў». Гэта ключавое пытанне.
Дэсантнікі Замежнага легіёну. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— А пры якіх адказах на гэтае пытанне чалавека хутчэй не возьмуць у легіён?
— Калі чалавек кажа, што ён шмат ваяваў і хоча працягнуць менавіта ваяваць — яго не возьмуць. Калі чалавек раскажа, што ён прыехаў зарабіць грошай — таксама наўрад ці возьмуць. Калі хочаш трошкі паслужыць і атрымаць пашпарт — таксама наўрад ці. Гэта ж небяспечна тым, што чалавек можа дэзерціраваць.
Дэзерцірства — вялікая праблема для Замежнага легіёну. Думаю, у год з 7 тысяч чалавек бяжыць некалькі сотняў. Чаму дэзерціруюць? З розных прычынаў. Хтосьці стаміўся, хтосьці не прыжыўся, хтосьці ўжо назапасіў патрэбную суму грошай. Да гэтага спакойна ставяцца. Афіцэры могуць наўпрост спытаць: хто не вернецца з адпачынку? Чалавек можа шчыра прызнацца. Проста скажуць: здай усе вайсковыя прыналежнасці, развітайся з сябрамі.
— То бок ніякіх наступстваў для дэзерціра не будзе?
— Гэта абсалютна ніяк не караецца. Ён можа ў Францыю пасля прыехаць, можа нават зноў пайсці ў Замежны легіён, шкадуючы пра свой учынак, і нікому не кажучы, што ўжо аднойчы гэтак паступаў. Такое таксама бывала. Пасля 30 дзён адсутнасці цябе могуць узяць зноў без праблем. Быў нават выпадак, калі пасля 4 месяцаў дэзерцірства чалавека зноў узялі: ён быў музыкам у палкавым аркестры і ўвесь аркестр за яго прасіў.
Паводле Канстанціна, у легіёне ёсць такое пакаранне — сабраць з камянёў за ноч двухметровую піраміду. «Афіцэр сказаў, што гэта было пакаранне легіянеру, і піраміду я пабудаваў як пакараны легіянер, а не як беларус. І ў пакаранне ўжо за фота мне загадалі піраміду разабраць». Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— Як пры прыёме правяраюць мінулае навабранца? Раптам ён крымінальнік, здзейсніў злачынства і уцёк…
— У мой час усё высвятлялася пры асабістай гутарцы. Ну вось мы з вамі беларусы, выраслі ў адных рэаліях. Я пачну пытацца, адкуль вы прыехалі, чым займаліся, дзе служылі. За дзве гадзіны гутаркі ўсё роўна высветліцца, што чалавек недзе хлусіць, нешта недагаворвае. Дарэчы, менавіта таму стараюцца браць маладых, каб людзям у прынцыпе не было чаго хаваць.
— Каб трапіць у легіён, ці трэба хаця б мінімальнае веданне французскай мовы?
— Не. Ведаеце, у часы СССР чалавек мог прыйсці ў войска, не ведаючы мовы. І нічога — за паўтары гады вывучваецца. А тут 5 гадоў службы. Да гутарковага ўзроўню мова вывучваецца прыкладна праз год.
Усе каманды ў легіёне аддаюцца па-французску. Камандуюць легіёнам афіцэры, якія скончылі французскія вайсковыя вучэльні.
«Наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта»
Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— Колькі гадоў вы адслужылі ў Замежным легіёне?
— Я адслужыў 4,5 года ў дэсантным палку. Атрымаў траўму пляча і за паўгода да канца кантракту мяне камісавалі. Быў выбар: або скасаваць кантракт, або перайсці з дэсанту ў пяхотны полк. Але я ў пяхотны полк ісці не захацеў.
— У якіх кропках зямнога шара вы служылі?
— Я быў у Габоне, Джыбуці і на выспах Новая Каледонія.
— Якія задачы легіён вырашаў у гэтых краінах?
— Усе задачы легіёну зводзяцца да падтрымання міру і парадку. Калі мы знаходзімся ў нейкай афрыканскай краіне, то мы патрулюем мяжу, кантралюем плямёны, якія бегаюць са зброяй. Каб адчувалася, што ёсць нейкая сіла ў краіне. Ахоўваем дзейную ўладу — наш полк часцяком размяшчаецца побач з палацам мясцовага прэзідэнта. І ў выпадку нейкага рэвалюцыйнага паўстання мы павінны яго абараняць. Акрамя міратворчых аперацый усе задачы легіёну заўсёды зводзяцца толькі да гэтага.
Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— Вам даводзілася прымаць удзел непасрэдна ў баявых сутыкненнях?
— Не, у перыяд маёй службы ўсё было спакойна.
«У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі»
— Які быў у вас заробак у Замежным легіёне?
— 10 тысяч франкаў — тады гэта было можа тысячы $ 1,5. На сённяшнія грошы гэта складана перавесці, таму што пакупніцкая здольнасць была зусім іншая. На 100 франкаў у 2000-ыя можна было купіць больш, чым на 100 еўра цяпер.
Цяпер дэсантнік атрымлівае прыкладна 1850 еўра ў месяц, звычайны пяхотнік — 1300 еўра. У камандзіроўках, дзе легіянер знаходзіцца ў сярэднім 4 месяцы на год, зарплата падвойваецца.
Калона тэхнікі Замежнага легіёна ў Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— Вы сустракалі ў легіёне беларусаў?
— Так. Гэта быў прыкметны адсотак. Вялікі паток беларусаў пачаўся з 2002 года. Спачатку ў нашай кампаніі (кампанія — гэта нешта сярэдняе паміж батальёнам і ротай) на 80 чалавек было ўсяго 5 расейскамоўных. А потым за 1,5 гады стала каля 30 расейскамоўных, у тым ліку дзесьці 5 беларусаў.
— Вы ведалі Андрэя Жука, які нядаўна загінуў у Малі?
— Разам мы не служылі, ён прыйшоў пазней. Але трохі я яго ведаў, на ўзроўні «прывітанне-пакуль».
— Што вы рабілі пасля службы ў легіёне?
— Вярнуўся ў Беларусь, купіў кватэру. Не паспеў вырашыць, што мне далей рабіць, як сталі тэлефанаваць з Францыі, прапаноўваць працу. Я прыязджаў у Францыю, працаваў па 2-3 месяцы і вяртаўся ў Беларусь. Працаваў у службе бяспекі, у ахове. У такім рэжыме я пражыў амаль 9 гадоў. Але ў 36 год я прыняў рашэнне, што канчаткова перабіраюся ў Францыю.
— Праз службу ў легіёне да вас былі нейкія прэтэнзіі з боку праваахоўных органаў Беларусі?
— Зыходзячы з нашага заканадаўства, службу ў легіёне ніяк нельга лічыць найміцтвам. Найміт — гэта чалавек, які адпраўляецца на вайну за грошы і пры гэтым не ўваходзіць ува ўзброеныя сілы ваюючых бакоў. Але Замежны легіён уваходзіць у склад сухапутных сілаў Францыі, а я — вайсковец, які знаходзіцца на рэгулярнай службе па кантракце. Наш статус — гэта на 100 % статус французскага вайскоўца. У мяне ёсць медалі, даведкі, пенсія налічваецца. Таму легіянераў ніяк нельга лічыць наймітамі.
У мяне былі размовы з беларускімі спецслужбамі. Ім жа трэба ведаць, што за людзі вяртаюцца ў краіну з баявым досведам, што яны ўмеюць. У прыватнасці, гутарыў са Службай бяспекі прэзідэнта. Яны пыталі пра снайперскую і падрыўную дзейнасць, хацелі даведацца, чаму нас вучылі ў Замежным легіёне. Ну, я ім і тлумачыў, што падрываць як у фільмах кубачкі з-пад кавы ці закладваць бомбы ў аўтамабіль нас не вучылі, затое мы можам мінаваць масты і дарогі.
Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
«Які сэнс ехаць у Сірыю?»
— У вас была думка пасля легіёну зрабіць карʼеру ў беларускім войску, стаць афіцэрам?
— Я прыйшоў з легіёна ў 27 гадоў. Калі адвучыцца ў вайсковай вучэльні, мне ўжо будзе 32 (а ўсе гэтыя 5 гадоў мне трэба карміць неяк сямʼю) і я стану толькі лейтэнантам. Але лейтэнантам становяцца ў 22, а не 32 — у 32 нельга мець заробак лейтэнанта. Ды яшчэ з Замежным легіёнам за плячыма! Гэта значыць, што мяне наагул да дзяржсакрэтаў не дапусцяць. Якую я карʼеру мог бы зрабіць? Так і застаўся б камандзірам роты. Плюс момант авантурызму. Беларускае войска не ваюе, афіцэр можа правесці ўсё жыццё на трох палігонах. Не, гэта не па мне.
Замежны легіён у Афрыцы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— Вам вядомыя выпадкі, калі былыя легіянеры паехалі ваяваць у гарачыя кропкі — на Данбас ці ў Сірыю?
— Так. У апошні час нямала знаёмых паехала. У асноўным гэта расейцы. Яны калісьці служылі ў расейскім спецназе, потым адслужылі ў легіёне, ім патэлефанавалі былыя сябры-спецназаўцы і прапанавалі паехаць. Яны ўсе сябры, родныя людзі — спецназаўскае братэрства куды мацней за легіёнаўскае. Вось яны дружна і паехалі.
Каб ехаць у Сірыю, трэба мець там блізкіх сяброў [сярод расейскіх вайскоўцаў. — Belsat.eu]. А блізкія сябры — гэта калегі па першай службе. Таму я не ведаю, каб нехта з беларусаў-легіянераў потым паехаў у Сірыю. Ды і які сэнс? У Францыі ёсць сацыяльныя гарантыі, тут проста ў ахове можна зарабіць куды больш чым у ПВК [прыватных ваенных кампаніях. — Belsat.eu]. Акрамя таго, расейцы без праблем працягваюць жыць у Расеі, яны ж з ПВК усё адно вяртаюцца дадому. Беларусам больш складана.
— Вы падтрымліваеце сувязь з былымі таварышамі па службе?
— Так, увесь час. У Viber нават ёсць суполка для былых легіянераў, яна выкарыстоўваецца для пошуку працы — там больш за 200 чалавек. Раяць, дапамагаюць адзін аднаму. Шмат хто сыходзіць у ахову, дзе ўжо служаць іх былыя калегі.
«50% — рамантыкі»
Ветэраны Замежнага легіёна розных часоў у Парыжы. Фота прадстаўлена героем інтэрв’ю
— СМІ пісалі, што прыкладна 35 % легіянераў — гэта расейскамоўныя з Усходняй Еўропы. Гэта дакладныя ацэнкі?
— Калі казаць пра Ўсходнюю Еўропу, то лічба нават больш будзе — мінімум 50 %. Палова з іх — расейцы, можа нават больш.
— Пасля Крыму і Данбасу ў легіянераў з Украіны і Расеі не ўзнікала канфліктаў на глебе палітыкі?
— Здаралася. Не толькі сярод украінцаў і расейцаў, але і сярод саміх украінцаў. Украіна ж неаднастайная. Канфлікты ўнутры падраздзяленняў былі, але гэта ніколі не перарастала ў бойку, мардабой. Там дысцыпліна. Проста людзі адзін з адным не згодныя.
— Калі скласці зборны вобраз легіянера, як бы вы яго апісалі?
— Малады чалавек 20-25 гадоў, талковы, спартыўны, без шкодных звычак.
— А асноўная матывацыя?
— 50 % — рамантыкі. Ну і, вядома, статус прыцягвае. Людзі ж разумеюць, што пасля службы ты становішся сапраўдным еўрапейцам. Не проста эмігрантам, які посуд дзесьці спачатку мыў. Быць легіянерам — гэта вельмі ганарова ў Францыі, цябе паважаюць.