У Канадзе здзейсніў палёт самалёт, які цалкам працуе на электрычнасці

11.12.2019 / 07:18

Першы ў свеце камерцыйны самалёт, які цалкам працуе на электраэнергіі, здзейсніў палёт у аўторак у канадскай правінцыі Брытанская Калумбія, піша ria.ru.

Палёт стаў магчымы дзякуючы сумесным намаганням дзвюх кампаній — Harbour Air, найбуйнейшай у Паўночнай Амерыцы авіякампаніі па вытворчасці гідрасамалётаў, а таксама magniX — кампаніі, якая здзяйсняе «рэвалюцыю ў сферы электрычнай авіяцыі».

Паспяховы палёт ePlane, шасцімеснага самалёта маркі de Havilland Canada DHC-2 Beaver, абсталяванага рухавіком magni500 магутнасцю 750 конскіх сіл, адбыўся ў канадскім горадзе Рычмандзе.

Самалётам кіраваў гендырэктар і заснавальнік Harbour Air Грэг Макдугал. Паводле яго слоў, гэты палёт «увайшоў у гісторыю».

Кампаніі плануюць пачаць працэс сертыфікацыі электрычных рухавікоў для самалётаў.

Nashaniva.com