«Бачыш сіняе неба за кратамі?» Чудзянцоў даслаў з СІЗА верш па-беларуску

11.12.2019 / 11:21

Журналіст Уладзімір Чудзянцоў, які знаходзіцца ў Брэсце ў следчым ізалятары, напісаў верш па-беларуску і даслаў яго анархісту Змітру Паліенку. Той апублікаваў верш у суполцы «Форум Свабоду палітвязням Беларусі».

Неба за кратамі

Бачыш сіняе неба за кратамі?
Бачыш сонца на даху царквы?
Перамогі прыходзяць за стратамі,
Калі доўга чакаеце вы.

Калі шчыра — мы ўсе тут нявольнікі,
Толькі роля — як вызначыць лёс.
Сёння — вязні. А заўтра — ахоўнікі,
І бывае нам крыўдна да слёз.

Але сцены і краты — не вечныя.
І магутная часу рака
Змые жарсці ўсе чалавечыя,
Як пячатку турмы з ручніка.

Воля прыйдзе, платы ўсе абрынуцца,
І калючы рассыпецца дрот,
Але каб з той турмы ўсім нам зрынуцца,
Падымайся нарэшце, народ!

Уладзімер Чудзянцоў, СІЗА №7, Берасце. 3 снежня 2019 года

Nashaniva.com