Як беларусы ў 1994 годзе салідарызаваліся з чачэнцамі. А Лукашэнка быў вымушаны выбачыцца перад Пазняком

25 гадоў таму пачалася першая чачэнская вайна.

11.12.2019 / 18:20

Расійскія федэральныя войскі 11 снежня 1994 года ўваходзяць на тэрыторыю Чачні, гаворка пра 40-тысячны кантынгент вайскоўцаў. Гэтую дату прынята лічыць пачаткам першай чачэнскай вайны.

За два дні да гэтага прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын падпісаў указ «Аб мерах па спыненні дзейнасці незаконных узброеных фармаванняў на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі і ў зоне асеціна-інгушскага канфлікту».

Да гэтага моманту цэнтральная расійская ўлада не кантралявала сітуацыю ў Чачні. Рэспубліку ўзначальваў былы савецкі генерал Джахар Дудаеў (абраны дэмакратычна і легітымна). Чачэнцы марылі аб сваёй незалежнай дзяржаве, але ў Маскве з гэтым не хацелі пагаджацца.

Джахар Дудаеў.

Натуральна, што ўвод расійскай арміі ў Чачню не застаўся незаўважаным у нашай краіне. Па-першае, на той час Беларусь была яшчэ ў большым, чым сёння, інфармацыйным полі Расіі. Па-другое, у краіне ў 1994 быў дэмакратычна абраны дзейны парламент, які служыў пляцоўкай для самых розных абмеркаванняў.

Кіраўнік Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазняк прапанаваў дэпутатам абмеркаваць сітуацыю ў Чачні, дзе «расійскі імперыялізм пачынае новы Афганістан». Пазняк настойваў на тым, што Вярхоўны Савет мусіць прыняць заяву ў падтрымку чачэнскага народа.

На тым пасяджэнні прысутнічаў і нядаўна абраны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які літаральна заявіў наступнае: «Навошта вы лезеце не ў свае пытанні?»

«Дэпутаты Шушкевіч, Заблоцкі і некаторыя іншыя расцанілі гэтае выказванне як абразу Вярхоўнага Савета. Аднак прабачэнняў ад Лукашэнкі ніхто не пачуў. Не была ўключаная ў парадак дня і прапанова Пазняка», — пісала газета «Свабода» ў 1994 годзе.

«У той час як прагрэсіўныя сілы Чачні змагаюцца за волю ўласнай дзяржавы, імперская Расія спрабуе брутальнымі сродкамі задушыць імкненне чачэнскага народа да свабоды. У сувязі з гэтым мы патрабуем: 1. Прызнаць права чачэнскага народа на самавызначэнне; 2. Спыніць развязанне вайны на Каўказе», — з такой заявай выступіла маладзёжная арганізацыя БНФ.

«Вайсковая аперацыя супраць цэлага народа, які ўжо перажыў расійскі генацыд і дэпартацыю, недапушчальная, вайна супраць яго — ганебная для тых, хто яе распачаў. Гэта злачынства супраць народа і яго права на самавызначэнне. Ніякія інтарэсы палітыкаў не вартыя страты жыццяў людзей. Такія палітыкі павінны несці крымінальную адказнасць за злачынствы супраць чалавецтва, за смерць людзей, за забойствы па іхніх загадах», — гаварылася ў заяве Апазіцыі БНФ. Поўны тэкст гэтай заявы прыводзіць Сяргей Навумчык у кнізе «Дзевяноста пяты».

Мітынг БНФ каля Опернага 18 снежня 1994 года.

18 снежня на пляцоўцы каля Опернага тэатра прайшоў мітынг у падтрымку чачэнскага народа. Людзей на ім сабралася нямала. Цікава, што праз некалькі дзён Лукашэнка з трыбуны Вярхоўнага Савета сказаў, што Пазняк заклікаў беларусаў ехаць ваяваць у Чачню. Але кіраўнік Апазіцыі БНФ абвергнуў гэтыя словы і нават падаў на Лукашэнку ў суд па абароне гонару і годнасці.

Справу пасля 4-месячнага перапынку разглядаў Вярхоўны суд, пасяджэнне адбывалася на беларускай мове. Пазняк на судзе сказаў, што заўсёды выступаў за вайсковы нейтралітэт Беларусі і супраць удзелу грамадзян нашай краіны ў ваенных канфліктах за мяжой, таму такія выказванні ганьбяць яго як чалавека і палітыка. Пазняк патрабаваў абвяржэння гэтых звестак. Вынік быў зусім нечаканым: суд палічыў, што Лукашэнка распаўсюджваў звесткі, якія не адпавядаюць сапраўднасці.

«Вярхоўны Суд Беларусі абавязаў Лукашэнку абвергнуць хлуслівыя звесткі ў дачыненні да Пазняка і папрасіць у Пазняка прабачэння, — праз дваццаць гадоў гэта будзе здавацца нечым нерэальным», — напісаў у сваёй кнізе Сяргей Навумчык.

Зміцер Панкавец