Паўлічэнка: Я ж учора паблытаў Гараўскага з іншым байцом

17.12.2019 / 15:31

Былы камандзір вайсковай часткі 3214 Дзмітрый Паўлічэнка 16 снежня вельмі дзіўна пракаментаваў выказванні былога супрацоўніка САХРа Юрыя Гараўскага пра забойствы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Спачатку ў каментары для партала Tut.by Паўлічэнка сказаў, што Гараўскі сапраўды служыў у яго, але потым, маўляў, зганьбіў гонар войскаў, пачаўшы займацца вымагальніцтвам.

Літаральна праз 10 хвілін ў каментары для «Нашай Ніве» Паўлічэнка стаў адмаўляць тое, што ўвогуле ведаў Гараўскага. У дадатак заявіў, што ўвогуле не размаўляў з карэспандэнтам Tut.by.

Як так атрымалася?

«Гэта чарговая «качка», ужо зусім не хочацца пра яе гаварыць. Я цяпер на выездзе, у мяне няма магчымасці паглядзець відэа. Мне ў агульных рысах абмалявалі тое, што там было», — сказаў Паўлічэнка.

Былы спецназавец застаецца на сваёй версіі, што не ведаў Гараўскага.

«Шчыра кажу, не помню такога чалавека. У інтэрв’ю Tut.by я яго, магчыма, паблытаў з іншым байцом. Мне потым сябры пазванілі, сказалі, што ніхто з іх яго не прызнаў. Мяркуючы па тым відэа, ніхто яго не ведае», — сказаў Паўлічэнка ў каментары «НН».

Былы спецназавец: Я ўдзельнічаў у забойстве Захаранкі і Ганчара

ЗП