У цэнтры Мінска п'яны кіроўца на каршэрынгавым аўто пратараніў трамвайны прыпынак. А потым яшчэ і заснуў у машыне ДАІ

23.12.2019 / 15:14

Фота ДАІ

ДТЗ адбылося на вуліцы Казлова каля 5:10 раніцы, паведамляе Звязда.

23-гадовы малады чалавек, кіруючы каршэрынгавым «Фольксвагенам Пола», рухаўся з плошчы Змітрака Бядулі ў напрамку вуліцы Казлова, на закругленні дарогі не справіўся з кіраваннем і заехаў у металічную агароджу трамвайнага прыпынку.

Кіроўца не пацярпеў: у машыне спрацавалі падушкі бяспекі. Аўтамабіль атрымаў сур'ёзныя механічныя пашкоджанні.

Кіроўца знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Пры правядзенні медыцынскага агляду ў выдыханым паветры парушальніка выяўлена 1,6 праміле алкаголю. Па словах маладога чалавека, ноччу ён святкаваў дзень нараджэнне сябра і ужыў паўлітра віскі. Пасля здзяйснення дарожнай аварыі хлопец заснуў у службовым аўтамабілі ДАІ.

Nashaniva.com