Лявону Баршчэўскаму ў пратаколе напісалі, што ў яго сярэдняя адукацыя. Справу адправілі на дапрацоўку ФОТЫ
09.01.2020 / 11:59
На суд прыйшлі Алесь Бяляцкі, Уладзімір Сіўчыкаў, Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў
Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся разгляд справы палітыка Лявона Баршчэўскага. Яго меліся судзіць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыяваным мерапрыемстве — адной з акцый супраць г.зв. «паглыбленай інтэграцыі»).
Вяла працэс Таццяна Акавітая. Падтрымаць знакамітага выкладчыка і філолага прыйшло шмат людзей. Прычым суд знаходзіцца ў былым памяшканні Коласаўскага ліцэя, у якім сп. Баршчэўскі выкладае дзясяткі гадоў.
Спадар Лявон спачатку хадайнічаў аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Хадайніцтва было задаволена. Таксама ён абурыўся, што ў пратаколе пазначана, што ў яго сярэдняя адукацыя, а не вышэйшая, як ёсць насамрэч.
У выніку справу адправілі на дапрацоўку.
Сёння таксама пройдуць працэсы над Уладзімірам Някляевым, Пятром Садоўскім, Паўлам Севярынцам — усяго каля 20 судоў. Большасці пакуль даюць вялікія штрафы.