Тэлефон самага багатага чалавека ў свеце ўзламаў саудаўскі прынц — СМІ
22.01.2020 / 19:41
Тэлефон амерыканскага мільярдэра, заснавальніка інтэрнэт-гіганта Amazon Джэфры Безаса ўзламаў прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман, паведамляе The Guardian
Крыніцы выдання распавялі, што з нумара наследнага прынца на мабільнік Безаса праз WhatsApp прыйшло заражанае відэапаведамленне.
Аналіз амерыканскіх экспертаў-крыміналістаў паказаў, што «з вялікай доляй верагоднасці» меседж змяшчаў шкоднасны файл, які пракраўся ў тэлефон самага багатага чалавека ў свеце і выпампаваў з яго вялікі аб'ём інфармацыі.
Мяркуецца, што гэты інцыдэнт звязаны з публікацыяй інтымных падрабязнасцяў пра асабістае жыццё Безаса, у тым ліку электронную перапіску.
Саудаўская Аравія гэтыя абвінавачванні адмаўляе.