Падборка моўных фэйлаў, якія вы дакладна бачылі, але на якія, магчыма, не звярталі ўвагі

05.02.2020 / 20:23

Кожны дзень мы бачым мноства ўказальнікаў, якія робяць жыццё прасцейшым. Паглядзіце, якія тыповыя памылкі сустракаюцца ў самых розных лакацыях нашай краіны.

Правільна пісаць: «па даручэннІ»

 

Манумент каля Чырвонага касцёла.

Вось такая шыльда сустракае мінчукоў і гасцей сталіцы ў самым цэнтры.

Правільна: па даручэнні. Аснова ў слове «даручэнне» сканчваецца на мягкі зычны, таму пішам канчатак -і. (Правіла на канчаткі меснага склону назоўнікаў 2-га скланення.)

Правільна пісаць: каСа

Вось яшчэ адзін прыклад — з цэнтральнага чыгуначнага вакзала.

У беларускай мове падоўжаныя зычныя ў запазычных словах знікаюць: каса, маса, меса, Адэса. Але ёсць і выключэнні: ванна, саванна, Мекка, Жанна, Ганна, Сюзанна, мадонна, панна, манна…

Правільна: дзяжурны па вакзалЕ

Працягнем гуляць па вакзале. Тут з «касамі» ўсё ў парадку, але з’яўляюцца новыя памылкі. Тут свой уплыў аказвае рускамоўны варыянт «дежурный по вокзалу». 

Але ж аснова слова «вакзал» сканчваецца на цвёрды зычны, таму мусіць быць канчатак -е. Каб такога пазбегнуць, трэба вывучыць правапіс усё тых жа канчаткаў меснага склону для назоўнікаў 2-га скланення.

Правільна: па безнаяўнЫМ разліку (або гатоўкай)

Яшчэ адно найпапулярнейшае месца ў Мінску — метро.

У беларускай мове слушна будзе пісаць «каса безнаяўнага разліку». А калі хочам ужыць з прыназоўнікам — «каса па безнаяўным разліку». Такія вось асаблівасці кіравання.

Правільна: мЕтро

І яшчэ трошку пра метро. 

Нягледзячы на першы склад перад націскам, літара-е- тут захоўваецца. Слова запазычанае, таму не хоча паддавацца беларускаму правапісу. Існуе яшчэ шэраг падобных запазычанняў: легенда, калектыў, герой. Гэта трэба проста запомніць.

Правільна: гандлёвы цэнтр

Выйдзем з андэграўнду, тут таксама ёсць на што паглядзець. 

Навошта нам чужыя «тарговыя» цэнтры, калі ў нас ёсць свае «гандлёвыя»? Пераклад не варыятыўны — пішам «гандлёвы». «таргавацца за лепшую цану», але «гандаль», «гандлёвы».

Правільна: аДкрыты

А вось такая прыгажосць ёсць у Брэсце.

Прыстаўкі «ат-« у беларускай мове не існуе, таму пішам «аДкрытае», «аДтапыранае», «аДсартаванае».

Правільна: Перамогі

А гэта проста прыкольна

Правільна: па законЕ

Такія шыльды (з памылкай) у Беларусі багата дзе можна ўбачыць.

Усё тыя ж канчаткі меснага склону. Аснова ў слове «закон» сканчваецца на цвёрды зычны, таму пішам -е. Таксама існуе варыянт напісання «караецца законам».

Калі і вы заўважылі падобныя недарэчнасці беларускай мовы, то дасылайце сюды: t.me/movabigmistake.

Крыніца натхнення для артыкула — тэлеграм-канал «Кайфаломка«.

Марыя Клімовіч