1 сакавіка адбудзецца канцэрт у гонар 85-годзя Рыгора Барадуліна
05.02.2020 / 23:02
1 сакавіка а 19.00
КЗ «Верхні горад»
Канцэрт у гонар 85-годзя Народнага паэта Рыгора Барадуліна
У лютым 2020 апошняму Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну споўнілася б 85 гадоў. Чарадзей беларускай паэзіі, мастак роднай мовы, чалавек-легенда — ужо 6 гадоў, як яго няма з намі. Але жывуць яго вершы, яго поўныя пяшчоты словы, яго закаханасць у сваіх людзей, матулю і малую Радзіму — Вушаччыну.
Сучасныя гурты яднаюцца на сцэне камернай залі «Верхні горад», каб згадаць славутага земляка і ў яго гонар заспяваць песні Вушаччыны. У праграме возьмуць удзел фальклорны гурт «Варган», капэла «Колісьнія» і гурт «Vuraj». Гэтым вечарам прагучаць таксама і арыгінальныя творы названых выканаўцаў.
Полацкі фальклорны гурт «Варган» вядомы дасканалым пераняццем аўтэнтычнай манеры выканання народных спеваў.
Капэла «Колісьнія», натхняючыся творчасцю старых вясковых музыкаў, выконвае пераважна інструментальны рэпертуар.
Гурт «Vuraj» эксперыментуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы адмысловага гучання.
Павіншуем Народнага паэта разам! Прыходзьце на святочны канцэрт!
Кошт квіткоў: ад 8 — 20 руб