Хмель у Беларусі вырошчвае адна сям'я. Тата адрадзіў, нашчадкі працягваюць

Беларусі варта развіць уласнае хмеляводства, мяркуе доктар гісторыі Алесь Белы.

14.09.2024 / 20:16

Цэх перапрацоўкі хмелю ААТ «Бізон». Фота Pivo.by

Шлюбны саюз Соладу і Хмелю

Самай старой песняй у нашых суседзяў-палякаў лічыцца вясельная песня пра хмель:

Oj, chmielu, chmielu, ty bujne ziele,
Nie będzie bez cię żadne wesele,
Oj, chmielu, oj, niebożę,
To na dół, to ku górze,
Chmielu niebożę!

Беларусу гэтая песня зразумелая без перакладу. А гісторыкі польскай мовы лічаць, што ёй больш за 1000 гадоў. Значыць, ужо тады хмель быў для славян адным з найбольш важных сімвалаў іх Сусвету. 

У нашым фальклоры падобных песень таксама нямала. І яны таксама пераважна вясельныя. Як, напрыклад, вось гэтая:

Цяпер буду жаніціся: 
Хмель на тычынку ўжо павіўся, 
Ячмень на ніўцы ўжо наліўся, 
Дачушка ў мамкі нагулялася, 
А мне, маладому, спадабалася.

А вось як народная песня высмейвала нежанатага хлопца (або маладога на вяселлі), параўноўваючы яго з няўдалым піваварам:

А хто ж у нас нежанаты ходзiць? 
Сямёнка ў нас нежанаты ходзiць: 
Ён браў хмялёк у святы дзянёк, 
Саладзiў солад на пярэклеце, 
Мыў катлы на сiнiм моры, 
Сушыў бочкi на сонейку. 
Доля яго няшчасная: 
Козы, оўцы хмель паелi, 
Куры, гусi солад падзяўблi…

І справа тут не толькі ў тым, што піва было абавязковым атрыбутам вясельнага застолля.

Здаецца, сам працэс піваварства сімвалічна супастаўляўся з вяселлем, са шлюбам, са святым саюзам двух супрацьлеглых і канкурэнтных, але ўзаемна неабходных пачаткаў — Соладу і Хмелю. Солад (і само збожжа, піва наогул, піўная бочка) у народным фальклоры і традыцыйнай вобразнасці выступае ўвасабленнем жаночага — cалодкага! — пачатку і ў піве, і ў жыцці наогул. Ну, а хмель — пачатак мужчынскі.

Строга кажучы, у піваварстве можна было б абысціся і адным соладам — таксама было б піва. Саладкавае, як назойлівая матчына ласка… але ўсё роўна яно п’яніла б, насычала і здавальняла смагу. Але ўсё ж такі ў ім чагосьці б бракавала… Як кажуць: «Д’ябал солад саладзіў, ды бабе не дагадзіў…» 

Урэшце чалавек здагадаўся, што ў піве бракуе горычы. А таксама, як высветлілі нашмат пазней, антыбактэрыяльнай устойлівасці — хоць, магчыма, продкі інтуітыўна здагадваліся і пра гэта, толькі не ўмелі выказаць навукова.

І сёння большасць гатункаў піва немагчымая без хмелю. Які чыста па-мужчынску ўвесь час кудысьці лезе і чапляецца. Чулі, напрыклад, такую прымаўку: «Каб на хмель не мароз, дык бы тын перарос»?

Славянскі прыярытэт

Агульным стандартам дадаванне хмелю ў піва ў Еўропе стала не адразу. Доўгі час у розных краінах і рэгіёнах у якасці араматызатараў (і часткова антыбактэрыяльных сродкаў) ужывалі самыя розныя, часта «сакрэтныя» зёлкі. Нават у гісторыі беларускага піваварства вядомыя ў якасці альтэрнатывы хмелю багун, ядловец, гваздзікі, мацярдушка, аер, «бабкі» (лаўровае лісце) — праўда, хоць колькі масавымі яны ніколі не былі. 

Збор хмелю ў 1950-я гады ў былой вёсцы Астравы (цяпер у складзе аграгарадка Міханавічы) Мінскага раёна. Фота паходзіць з сямейнага архіва вядомага беларускага мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, дзед якога, Аркадзь Паўлавіч Баркоўскі, пасля вайны быў галоўным хмеляводам Мінскага раёна, кантралюючы якасць сыравіны і паставак на піўзавод «Беларусь» (цяперашняя «Аліварыя»). На хмелевых плантацыях працавалі і абедзве бабулі Харэўскага, Гэлена Сымонаўна Баркоўская і Настасся Кірылаўна Харэўская.

Стандартным кампанентам піва ў Германіі хмель зрабіўся да ХІІ стагоддзя, у Нідэрландах — да ХІІІ-га, а ў Англіі — толькі ў XVI-м. Галоўнай прычынай, чаму Reinheitsgebot 1516 года, баварскі закон аб чысціні піва, надаў манаполію менавіта хмелю, быў банальны пратэкцыянізм: баварскія герцагі клапаціліся, каб іншаземныя зёлкі не стваралі канкурэнцыі прадукцыі тутэйшых хмельнікаў.

Але ў славян яшчэ за шмат стагоддзяў да гэтага склаўся стандарт абавязковага дадавання хмелю і ў піва, і ў пітны мёд.

Паводле адной з гіпотэз, менавіта славяне першымі здагадаліся выкарыстаць хмель у піваварстве, а германцы навучыліся гэтаму ўжо ў нашых продкаў.

Прысмак, які надаюць піву шышкі расліны Humulus lupulus, урэшце зліўся ў масавай свядомасці з дурманам любога алкаголю. Бо іншых алкагольных напояў доўгі час проста не ведалі. Віно прыйшло з хрысціянствам, але піла яго асноўная маса нашых продкаў толькі на прычасце і не ў той колькасці, каб алкаголь закружыў галаву. А гарэлка стала адносна даступнай толькі ў XVІI стагоддзі. Вось адкуль само тое слова — «захмялець». Хмель успрымаўся не толькі як сімвал мужчынскага пачатку, але і як носьбіт алкагольнага эфекту ва ўсіх вядомых напоях.

Росквіт літоўскіх хмельнікаў

З XVI стагоддзя, калі пачаўся імклівы рост бровараў у Польшчы і свайго хмелю там пачынае не ставаць, вырошчванне гэтай працаёмкай і патрабавальнай культуры ў ВКЛ зрабілася прыкметнай і прыбытковай галіной эканомікі. Прывілеі на зямельныя наданні феадалам пачатку XVI стагоддзя нязменна згадваюць: «і са ўсімі іх землямі пашнымі і бортнымі і з сенажацямі, і з лясы, і з дубровамі, і з хмельнікі, і з бары, і з ловы звярынымі і пташымі…». 

Уборка хмелю. Гравюра з нямецкага выдання 1889 года. Фота Allegro.by

Літоўская метрыка зафіксавала адзін цікавы скандал: у 1508 годзе смаленскі манастыр Святой Тройцы скардзіўся вялікаму князю Жыгімонту Старому, што ягоныя ўраднікі не выдаюць манахам традыцыйную штогадовую мерку хмелю з гаспадарскага скарбу, як было заведзена з часоў яго брата Аляксандра. Жыгімонт загадаў аднавіць справядлівасць. 

У часы, калі па ўсёй Еўропе пракацілася хваля «рэвалюцыі цэнаў», гандаль хмелем у ВКЛ пачаў быў засяроджвацца ў руках гарадскога купецтва. Але магнаты, тагачасныя наменклатурныя алігархі, хуценька апамяталіся і прыбралі гэтую галіну эканомікі, як зрэшты і іншыя, да сваіх рук, выцесніўшы з яе заможных гараджан. Устава 1522 года, якая забараніла віленскім мяшчанам гандаль хмелем, была толькі адным звяном у ланцугу эканамічных рэпрэсій супраць зародкаў нацыянальнай буржуазіі, якая ў выніку так і не аформілася як клас.

Большая частка хмельнікаў месцілася на захадзе Беларусі, дакладней кажучы — у гістарычнай Літве.

У 1605 годзе толькі праз Гарадзенскую мытню прайшло «343 камені, 35 вантухоў і 61 з паловай вазы» хмелю. Калі ў 1561 годзе ВКЛ уcтупіла ў Інфлянцкую вайну, мытны збор за вываз хмелю, усталяваны ў памеры «ад каменю хмелю два грошы», зрабіўся адной з важных крыніц папаўнення дзяржаўнага скарбу. Трэці Літоўскі Статут прадугледжваў досыць сур’ёзную адказнасць за пашкоджанне хмельнікаў: «Хто бы каму хмелішчы падраў або парубаў… таковы маець гвалту плаціці дванадцаць рублей грошай. А еслі бы дзерава не пасек, толькі хмель падраў, то маець тры рублі грошай заплаціці».

«Чаромхi, пасплятаныя вянкамi хмелю»

Большая частка хмелю тады, відаць, расла ў бяскрайніх лясах Беларусі і Літвы ў дзікім або напаўдзікім стане. Пры тагачасных шчыльнасці насельніцтва і стане эканомікі хапала і гэтага. Нават яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі хмель ужо пераважна культываваўся, не было праблемай хутка знайсці яго побач у лесе. Як піша Адам Міцкевіч у паэме «Пан Тадэвуш»:

А ў той жа час ля iх ва ўсёй красе бясконцай
Лiтоўскiя лясы шумелi ў бляску сонца.
Чаромхi, пасплятаныя вянкамi хмелю,
Рабiны, што румянцам маладым гарэлi.

(Пераклад Пятра Бітэля)

Хмель звычайны (Húmulus lúpulus) — від травяністых шматгадовых раслін роду Хмель сямейства каноплевых. Шматгадовая ліяна, сцябло якой дасягае 7 м у даўжыню. Сцябло хмелю ўецца па гадзіннікавай стрэлцы, яно чатырохграннае і полае ўнутры, карэнішча доўгае і паўзучае. Плод — арэх са спіральна згорнутым зародкам, спее ў жніўні — верасні. Фота Shutterstock.com by New Africa.

У «Пане Тадэвушу», дарэчы, хмель згадваецца сама меней 8 разоў. Вялікі хмельнік каля панскага дома ва ўяўленым Сапліцове адыгрывае вялікую сімвалічную ролю ў звязках паміж эпізодамі. У ім увесь час нехта знікае, быццам за кулісамі, калі аўтару трэба перавесці ўвагу чытача на наступны персанаж і іншую сюжэтную лінію. Вось як, напрыклад, уцякае з захопленага Сапліцова Пратазы ў кнізе 8-й:

Праз момант у каноплях блiснуў шапкай белай,
Што, нiбы голуб, хутка ў цемры праляцела.
Даў выстрал Конаўка па ёй, ды не пацэлiў.
Вось тычкi трэснулi — Пратазы ўжо у хмелi.
«Я пратэстую!»— крыкнуў. Не баяўся болей,
Бо далей меў ён рэчку, луг балотны, поле.

А ў пэўны момант паэмы Міцкевіч нават палічыў абавязковым даць тлумачэнне выключнай важнасці зараснікаў хмелю і канопляў у вайсковай справе:

Таму ў час бiтвы цi наездаў, дратаванняў
Бакi абодва не шкадуюць намаганняў,
Каб толькi затрымаць каноплi за сабою,
Бо тым яны карысныя ў хвiлiну бою,
Што з хмелевым далей злучаюцца спляценнем,
Спрыяючы атакам ды i адступленням.

Так што для класічнага панскага фальварка «залатых часоў» хмель і хмельнік — такі ж абавязковы атрыбут, як і для традыцыйных славянскіх вясельных песень. 

Канец «залатых часоў»

У часы, калі пісалася паэма Міцкевіча, у Панямонні былі асабліва вядомыя вялікія хмельнікі вакол Шчорсаў, дзе месціўся славуты бровар графаў Храптовічаў, ды ў Жалудку. Але эканамічная кан’юнктура ўжо была да іх неспрыяльнай.

Бо спажыванне піва, у параўнанні з гарэлкай, большую частку ХІХ стагоддзя, пад уладай Расійскай імперыі, у нас занепадала, а разам з ім і мясцовая культура хмелю. Усё гэта — праз абсурдную падатковую палітыку, якая аддавала яўную перавагу гарэлцы. 

Толькі ліберальныя рэформы Аляксандра II 1860-х спынілі гэты працэс, але вынікі гэтага сталі адчувальнымі толькі праз пакаленне, у 1880-я. Тады спажыванне піва ізноў пачало імкліва расці і зноў пачалі закладацца прамысловыя хмельнікі. Мінская губерня на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў займала трэцяе месца ў імперыі па валавым зборы хмелю. І, відаць, не так уся губерня, як перадусім яе паўднёвыя паветы — Пінскі і Мазырскі. Якія суседзілі з Валынскай губерняй — імперскім лідарам хмелегадоўлі, якую там развівалі чэшскія каланісты. Да таго ж яны мелі больш цёплы і вільготны клімат, што вельмі важна для прамысловага хмелю. 

Нашым землякам, праўда, навыкаў гэтага промыслу ўжо бракавала. І рашэнню гэтай задачы спрыяла, напрыклад, стварэнне Пятровіцкай школы пладаводства і хмеляводства ў Бабруйскім павеце, пераведзенай пазней у павятовы цэнтр — Бабруйск. Стаўка на развіццё гэтай галіны была адной з ініцыятыў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, вядомага такімі сваймі славутымі постацямі, як Эдвард Вайніловіч і Раман Скірмунт.

Юльян Фалат. Збіранне хмелю. 1884 год. Акварэль на паперы. Нацыянальны музей у Варшаве. Фота Europeana.eu.

Савецкія арэлі

Пасля рэвалюцыі хмеляводства было адной з першых галін, у якой пачалі пераважаць калектыўныя формы гаспадарання. Напрыклад, пад Калінкавічамі вырошчваннем хмелю займаліся габрэйскія сельгаскамуны. Захаваліся фота міжваеннага часу, на якіх хмель даглядаюць і збіраюць шчаслівыя камунары, усім сваім выглядам дэманструючы аптымізм і ўпэўненасць у перавагах сацыялізму.

Але пасля вайны наша гадоўля хмелю зазнала чарговы заняпад, і толькі ў пачатку 1970-х пазначыўся новы ўздым. Менавіта тады ў строй увялі большасць новых піўных бровараў Беларусі: Полацкі, Слуцкі, Рэчыцкі, Мінскі № 2 («Крыніца»), Брэсцкі.

Тады ж пад Маладзечнам, каля вёскі з сімвалічнай назвай Літва, быў закладзены і пачаў прыносіць адчувальную аддачу хмельнік плошчай 50 га, які даваў 107 тон высакаякаснай сыравіны штогод. Было і яшчэ некалькі даволі буйных: каля іншай вёскі Літва, ужо Ляхавіцкага раёна, а таксама ў Камянецкім і Бярозаўскім раёнах. Дзе-нідзе рады бетонных слупоў-шпалераў і дагэтуль нагадваюць пра былыя маштабы той гадоўлі. 

Тады Беларусь вырабляла 0,3 працэнта ад сусветнай вытворчасці хмелю, узровень вытворчасці быў нароўні з Турцыяй, Канадай і Паўднёвай Карэяй і ўтрая большы, чым у Аўстраліі. Гэта складала 40—50 % ад уласных патрэбаў, а ў асобныя гады нават і больш. Але падчас гарбачоўскай антыалкагольнай кампаніі нашы хмельнікі, у які ўжо раз, ізноў былі дашчэнту зведзеныя.

Імпартуем, а маглі б самі збіраць

Доўгі час у Беларусі хмельніцтвам займалася фактычна толькі адна сям’я — нашчадкі піянера прыватнага хмельніцтва Валера Антановіча (памёр у 2016 годзе). Яны маюць некалькі прадпрыемстваў і вялікія, на дзясяткі гектараў, хмельнікі на Берасцейшчыне — у Маларыцкім і Пружанскім раёнах. Там збіраюць штогод пад 100 тон хмелю — але гэта не пакрывае і блізка патрэбаў Беларусі. Сённяшняе наша піваварства працуе пераважна на імпартным хмелі. Між тым мы маглі б заняць і расійскі рынак. Для параўнання: суседняя Польшча збірае штогод 2 500 тон шышак хмелю, Чэхія — 5 500, а Германія — 32 500. 

Хмелевая плантацыя ў Замшанах Маларыцкага раёна, 2017 год. Фота Вячаслава Радненава, Piva.by

Цэх перапрацоўкі хмелю ААТ «Бізон». Фота Pivo.by

А самае прыкрае (хоць у размове пра хмель «прыкрасць» можа выглядаць недарэчным каламбурам), што хмель з усім сваім глыбокім гістарычным і этнаграфічным сімвалізмам амаль не прысутнічае як вобраз у сённяшняй папулярнай культуры, не выклікае ў сучаснага беларуса аніякіх асацыяцый. У адрозненне ад нас, у Еўропе шмат дзе ёсць музеі хмелю, дзе можна зразумець усю складанасць і шляхетнасць гэтага старажытнага промыслу, самому расцерці шышкі паміж пальцамі, адчуць розніцу паміж рознымі гатункамі, прайсціся паміж радамі шпалераў і адчуць сябе ў ролі зборшчыка. 

Прыгадваецца нядаўні лозунг: «Культура паляпшае жыццё». Хочацца спадзявацца, што сярод тых, хто чытае гэты артыкул, знойдуцца і людзі, якія ў будучыні змогуць забяспечыць Беларусь і якасным хмелем уласнай вытворчасці, і годным сімвалічным асэнсаваннем гэтай старажытнай і годнай культуры.

Алесь Белы