Жанчына з Паўднёвай Карэі сустрэлася з памерлай дачкой дзякуючы VR-тэхналогіі. Кранальнае ВІДЭА

09.02.2020 / 19:00

Жыхарка Паўднёвай Карэі Джанг Джы Сун сустрэлася з дачкой Наён, якая памерла тры гады таму, дзякуючы VR-тэхналогіі. Пра гэта піша карэйскае выданне Aju Business Daily.

Сямігадовая Наён памерла ў 2016 годзе ад невылечнай хваробы. У пачатку лютага на карэйскім тэлеканале MBC выйшаў дакументальны фільм «Я сустрэла цябе», у якім Джы Сун сустракаецца з памерлай дачкой, адноўленай у віртуальнай рэальнасці.

На вытворчасць фільма сышло восем месяцаў. Для стварэння трохмернай мадэлі Наён была выкарыстаная тэхналогія захопу руху — распрацоўшчыкі запісалі рухі дзіцяці-акцёра, якое стала прататыпам лічбавага вобраза дзяўчынкі.

Corée du sud: Jang Ji-sung a perdu sa fille d'une maladie incurable en 2016. Trois ans plus tard en 2020, Jang fait l'expérience de la réalité virtuelle avec sa fille décédée - créée pour un documentaire sur la puissance de la réalité virtuelle et diffusé à la télévision coréenne pic.twitter.com/EEnXOutkRX

— Restitutor Orientis (@RestitutorOrien) February 9, 2020

Каб убачыць дачку, жанчыне трэба было надзець VR-гарнітуру і тактыльныя пальчаткі. Астатнія члены сям'і назіралі за тым, што адбываецца на экране.

Пры сустрэчы з дзяўчынкай Джы Сун расплакалася. Дзякуючы VR-тэхналогіі яна змагла пагаварыць з дачкой, пагуляць па яе любімым парку, патрымацца за рукі і адсвяткаваць дзень нараджэння дзяўчынкі.

«Напэўна, гэта і ёсць рай. Я сустрэлася з Наён, якая ўсміхнулася мне, хай і ненадоўга, але я была вельмі шчаслівая. Мне здаецца, гэта была мара, якую я заўсёды хацела ажыццявіць», — сказала жанчына.

Nashaniva.com