Мінабароны: Калі ў салдата тэрміновай службы выявяць праблемы са здароўем, яго шпіталізуюць
11.02.2020 / 09:55
Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна
Ва Узброеных сілах Беларусі ёсць усе неабходныя ўмовы для таго, каб назіраць за прызыўнікамі, у якіх ёсць медыцынскія супрацьпаказанні. Пра гэта ў эфіры «Панарамы» заявіў начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Беларусі Дзмітрый Альховік, піша Tut.by.
— Камандзіры, медыцынскія работнікі Узброеных сіл, яны, натуральна, за вайскоўцамі, якія толькі прыйдуць у войска, будуць пільна сачыць. І памылковым ёсць меркаванне, што прызыўнік прыйшоў ва Узброеныя сілы, яму адразу далі поўную нагрузку.
Альховік адзначыў, што фізічная і псіхалагічная нагрузка для салдат тэрміновай службы нарастае паступова. Пры гэтым ва Узброеных сілах існуе пастаянны маніторынг за тым, як вайсковец спраўляецца з задачамі. Калі на нейкім этапе службы ў салдата тэрміновай службы выявяць праблемы са здароўем, яго шпіталізуюць у медсанчастку, а па неабходнасці неадкладна даставяць у бальніцу.
У Беларусі, нагадаем, змяніліся патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. У сацсетках і на форумах тут жа сталі абмяркоўваць, што ў войска цяпер будуць забіраць усіх. У Мінабароны сцвярджаюць, што гэта не так. Ніякіх новых захворванняў у пастанове «Аб вызначэнні патрабаванняў да стану здароўя грамадзян, звязаных з вайсковым абавязкам» не з'явілася.
Маладыя людзі, якія раней лічыліся са сваімі дыягназамі непрыдатнымі да службы, а па новым законе могуць ісці ў войска, будуць залічаны ў запас.
— Іх пераасведчанне будзе праведзена ва ўстаноўленым парадку, як гэта прапісана нарматыўнымі актамі. Гэта значыць раз у тры гады. Пазапланавае пераасведчанне прызыўнікоў, якiя знаходзяцца ў запасе па стане здароўя, зараз не плануецца, — тлумачыў раней Дзмітрый Альховік.