Лукашэнка: У Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты
14.02.2020 / 12:47
kremlin.ru
У кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК, піша БЕЛТА.
Пры гэтым, перакананы кіраўнік дзяржавы, ні беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці гэтым шляхам.
«Памятайце — ваш першы прэзідэнт, якога вы калісьці абралі, ніколі не стане апошнім. Ужо пасля мяне — думайце, як жыць. Але і калі я буду жыць, але не буду прэзідэнтам - я буду заўсёды змагацца, каб наша зямля заставалася суверэннай і незалежнай», — дадаў ён.
Лукашэнка ўпэўнены, што нi беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці па гэтым шляху. «Вось вы не антырасійскія людзі, а нармальныя беларусы, тыя, хто любіць, якія паважаюць расіянаў. Але пастаў перад вамі пытанне, ці вы хочаце такога аб'яднання, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, - 120% скажуць «не», — сказаў ён. — І самае дзіўнае, што і расіяне мне пішуць лісты: «Ні ў якім разе не ўваходзьце ў склад Расіі». Але камусьці там хочацца, каб была адна краіна, - тады будуць адзіныя цэны».
Ён таксама заўважыў, што яго папракаюць у зрыве iнтэграцыi, нягледзячы на тое, што ён быў яе ініцыятарам. «А што вы разумееце пад інтэграцыяй? Я разумею: у эканоміцы інтэграцыя, гэта калі мы купляем рэсурсы ў Расіі (запасныя часткі для МТЗ, камплектуючыя для БелАЗа), робім трактары, аўтамабілі і прадаем на агульным рынку. І роўныя цэны. Вось што такое інтэграцыя. Што такое інтэграцыя на ўзроўні людзей: свабоднае перамяшчэнне, няма ніякіх межаў. Пенсіі, налічэнні — усё, як у адной краіне. Мы гэта зрабілі», - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.